Як тэхнары ў Беларусі дапамагаюць прадухіліць распаўсюджванне COVID-19, дзякуючы дапамозе ЕС

12-05-2020

У навукова-тэхналагічным парку Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ) «Палітэхнік» вырабляюць ахоўныя экраны, штуцары і прылады для падачы і ўвільгатнення кіслароду.

Частка працы робіцца ў лабараторыі хуткага прататыпавання FABLAB, створанай у рамках праекта «Стварэнне сеткавай інфраструктуры для падтрымкі інавацыйнага прадпрымальніцтва моладзі на платформах вытворчых лабараторый» праграмы ЕС Erasmus+.

200 ахоўных экранаў для лекараў у дзень

У дзень у БНТУ вырабляюць да 200 ахоўных экранаў і 50-80 прылад для ўвільгатнення паветра.

Менавіта экраны дазваляюць павысіць абароненасць лекараў, звярнула ўвагу загадчыца аддзялення нагляду за ўнутрыбальнічнымі інфекцыямі, урач-эпідэміёлаг Мінскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Міхайлоўская.

«Экраны дазваляюць зберагчы вочы, напрыклад. Даказана, што можна заразіцца COVID-19, калі вірус трапляе на іх слізістую. Экраны дапамагаюць зрабіць недаступнымі для вірусу тыя часткі твару, якія не абароненыя маскай», — адзначыла спецыялістка.

У вялікай працы па падтрымцы медыкаў удзельнічае некалькі структурных падраздзяленняў БНТУ, у тым ліку доследна-механічны ўчастак медыцынскіх вырабаў, навукова-інавацыйны сектар медыцынскай тэхнікі, лабараторыя хуткага прататыпавання FABLAB, механічныя майстэрні механіка-тэхналагічнага факультэта, кафедры факультэта менеджменту, маркетынгу і прадпрымальніцтва. Праектам кіруе намеснік генеральнага дырэктара па інавацыйнай дзейнасці Навукова-тэхналагічнага парку «Палітэхнік» Павел Лушчык.

«Тэхнапарк займаецца рознымі відамі дзейнасці, і цяпер мы пачалі вырабляць экранныя маскі і прылады для падачы і ўвільгатнення кіслароду. У сярэднім бальніцы замаўляюць 50 экранных масак і прыкладна столькі ж прылад для падачы кіслароду», — распавёў Павел Лушчык.

У працы задзейнічаны валанцёры-студэнты, магістранты і аспіранты ўніверсітэта. Рабочыя рукі шукаюць праз прафкам і telegram-канал БНТУ. «Малайцы, што прыходзяць», — кажа пра маладых людзей намеснік дырэктара тэхнапарку.

Студэнт БНТУ Сяргей Кот у лабараторыі практычна штодня і збірае маскі ўвесь працоўны дзень.

«Праца даволі цікавая і не напружвае», — кажа малады чалавек. Яго матывуе тое, што рэчы, якія ён робіць, сёння вельмі патрэбныя медыкам. Сяргей хоча спрычыніцца да вырашэння вялікай задачы — «не даць вірусу моцна распаўсюдзіцца». «Мы робім усё магчымае, каб гэта ажыццявіць», — падкрэсліў студэнт.

У «Палітэхніцы» разумеюць, як важна абараніць і сваіх працаўнікоў — ёсць сродкі індывідуальнай абароны, дэзынфекцыйныя вадкасці на кожным уваходзе ў будынак і на паверхах, рэгулярна праводзіцца санітарна-гігіенічная апрацоўка памяшканняў.

 Кожны дзень паступае ўсё больш замоў

Для выканання прац ёсць усё неабходнае — і матэрыялы, і абсталяванне, і кадры, распавёў дырэктар навукова-тэхналагічнага парку БНТУ «Палітэхнік» Юрый Аляксееў.

Варта адзначыць, што матэрыялы для вытворчасці экранных масак былі набытыя за кошт прыбытку «Палітэхніка».

«Ранейшыя заяўкі былі задаволеныя, але кожны дзень паступае ўсё больш замоў. І для іх выканання неабходна нарошчваць аб'ём вытворчасці. Вырабы медыцынскага прызначэння пастаўляюцца па прынцыпе першачарговасці паступлення заявак. Спіс арганізацый пастаянна пашыраецца. Ахоўныя маскі, прылады для ўвільгатнення кіслароду, штуцары ўжо пастаўленыя ў 4-ю гарадскую дзіцячую клінічную і 5-ю гарадскую клінічную бальніцы Мінска, Мінскі абласны супрацьтуберкулёзны дыспансер, галоўны ваенны клінічны медцэнтр, Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр, цэнтральныя раённыя бальніцы Вілейкі і Кобрына.

Зараз на чарзе цэнтральныя раённыя бальніцы Узды, Асіповічаў, Шчучына, Пінска, Віцебская гарадская клінічная бальніца №1, Мінская абласная дзіцячая клінічная бальніца, Гарадская дзіцячая інфекцыйная клінічная бальніца, 10-я гарадская клінічная бальніца Мінска, Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння і іншыя бальніцы Мінска», — пералічыў «кліентаў» тэхнапарка Юрый Аляксееў.

Усе вырабы, якія робіць БНТУ для медыкаў, пастаўляюцца ў бальніцы бязвыплатна. З дастаўкай дапамагае грамадская ініцыятыва BYCOVID19, якая каардынуе працу па зборы сродкаў і арганізацыі дапамогі медыцынскім установам.

Ахоўныя маскі друкуюць дзесяць 3D-прынтараў

Для вытворчасці вырабаў медыцынскага прызначэння задзейнічана дзесяць 3D-прынтараў — як універсітэцкіх, так і асабістых. Зборка ажыццяўляецца ў лабараторыі FABLAB.

Лабараторыя запушчана ў рамках рэалізацыі праекта праграмы ЕС Erasmus+ «Стварэнне сеткавай інфраструктуры для падтрымкі інавацыйнага прадпрымальніцтва моладзі на платформах вытворчых лабараторый». Мэта праекта — распрацоўка асяроддзя, што стымулюе інжынерную творчасць і прадпрымальніцкую дзейнасць.

На сродкі праекта было закуплена абсталяванне для вытворчай лабараторыі. У супрацоўніцтве з ЕС таксама быў створаны стартап-цэнтр БНТУ.

Цяпер у лабараторыі ёсць ЗD-прынтары з камплектам інструментаў для абслугоўвання, фрэзерна-гравіравальны станок, лазерны гравіравальна-рэзальны станок, канструктары для зборкі робатаў і шмат што іншае.

FABLAB, распавёў Юрый Аляксееў, прапануе моладзевым камандам або асобным студэнтам-даследчыкам, якія маюць інавацыйныя ідэі і праекты, магчымасць вырабляць эскізныя і доследныя ўзоры на сучасным абсталяванні (3D-прынтарах і сканерах, універсальных станках з ЛПК і інш.).

«Для гэтых мэт лабараторыя абсталяваная ў поўным аб'ёме. Акрамя таго, падраздзяленні навукова-тэхналагічнага парку БНТУ «Палітэхнік» маюць сучаснае даследчае і тэхналагічнае абсталяванне. У выпадку неабходнасці студэнты, магістранты, аспіранты могуць карыстацца паслугамі і абсталяваннем іншых падраздзяленняў тэхнапарку і яго рэзідэнтаў», — адзначыў Юрый Аляксееў.

Аўтар: Алена СПАСЮК

Артыкул апублікаваны на рускай мове на сайце Naviny.by.

FABLAB Belarus on the frontline against COVID-19