Як новыя тэхналогіі папулярызуюць беларускі райцэнтр. Досвед Глыбокага

29-04-2019

Каля 18 тысяч дзяцей са школ Віцебскай вобласці ўжо паспыталі віртуальныя экскурсіі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея на смак.

Апранаеш акуляры і... апынаешся на галоўнай плошчы Глыбокага. Рэальнасць віртуальная, а адчуванні сапраўдныя — так і хочацца рукой дакрануцца да таго, што бачыш. Ну, і баішся ўпасці — калі рэзка круціш галавой і хутка паварочваешся, аб'екты змяняюцца з заўважнай хуткасцю, а галава кружыцца.

 

Віар-тэхналогіі прыйшлі з камп’ютарных гульняў, а цяпер выкарыстоўваюцца ў розных навучальных і адукацыйных мэтах. Вось і Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей стварыў сістэму віртуальных падарожжаў па гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна. Сродкі на гэта музей атрымаў на конкурсе мясцовых ініцыятыў у рамках праекта ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Агульны бюджэт праекта складае 23 230 еўра, з іх 2  903 еўра выдаткаваў Еўрасаюз.

Падчас віртуальнай экскурсіі можна ўбачыць усё лепшае, што ёсць у Глыбокім, прычым у суправаджэнні якаснага аповеду экскурсавода, кажа старшы навуковы супрацоўнік музея Аляксандр Хайноўскі.

 

Ёсць дзве асноўныя экскурсіі — «Святыні Глыбоцкага краю» і «па слядах «Вішнёвага фестывалю»:

 

«Не ўсе людзі могуць прыехаць у музей, таму мы самі выязджаем з віртуальнымі экскурсіямі. І чалавек, знаходзячыся ў музеі або аддалена ад яго, можа, апрануўшы акуляры, без праблем здзейсніць экскурсію па горадзе. Нашы акуляры і навушнікі аўтаномныя — гэта, па сутнасці, мабільнае прылада, у якую запампавана інфармацыя».

Першыя, на кім апрабавалі віртуальныя экскурсіі, былі мясцовыя школьнікі. Глыбоцкія дзеці ведаюць пра свой горад шмат, а ў школе № 1 самі праводзяць экскурсіі ў музеі авіяканструктара Паўла Сухога, прычым і на англійскай мове таксама. Аб магчымасці здзейсніць віртуальнае падарожжа па родным горадзе кажуць, што «гэта крута».

 

Сямікласнік Глеб Баговіч расказаў: «Я бачыў 3D-экскурсіі. Было цікава пазнаваць вуліцы горада, бачыць іх праз акуляры віртуальнай рэальнасці. Наш горад вядомы не толькі згушчонкай, якая лепшая ў свеце. У нас яшчэ ёсць брэнд горада — вішня, расце ў кожным двары».

 

Добра прымалі віртуальныя экскурсіі і ў суседніх раёнах, распавёў Аляксандр Хайноўскі: «Дзеці ўбачылі Глыбокае, знаходзячыся ад яго ў дзясятках кіламетраў. Эфект пагружэння — вось што адбываецца пры віртуальных экскурсіях. Можна паглядзець фільм, але гэта вельмі проста, такога адчування, што ты знаходзішся ўнутры, няма».

 

Адначасова трапіць на экскурсію могуць 15 чалавек. А ўсяго віртуальна ў Глыбокім ужо пабывала каля 18 тысяч чалавек: «Вельмі многія з гэтых людзей чулі, што дзесьці існуе наш горад, але не збіраліся прыязджаць у Глыбокае. А дзякуючы праекту пабывалі тут і віртуальна здзейснілі экскурсію, глядзіш, яшчэ і захочуць да нас прыехаць».

Напісаць заяўку на праект заахвоціла жаданне прасоўваць турызм у сваім рэгіёне. Работнікі музея, кажа Аляксандр Хайноўскі, хочуць распавядаць аб сваім горадзе, хочуць, каб жыццё музея было як мага больш насычаным: «І напісаць заяўку было не складана — была мэта і жаданне. Праўда, потым давялося запрашаць бухгалтара — вельмі строгая справаздачнасць».

Турыстаў у Глыбокім зімой не так шмат, але ёсць надзея, што прыедуць на навагоднія святы.

Турыстка з Расіі, з якой нам удалося пазнаёміцца ў Глыбокім, адпачывае з мужам у санаторыі «Пліса». Кажа, што прырода цудоўная. Лес, возера, якое дала назву санаторыю, — усё вельмі ўразіла:

«Мы выбралі гэты санаторый як раз з-за таго, што ён блізка да Глыбокага — радзімы Паўла Сухога. Муж ваенны, ён вельмі цікавіцца асобай знакамітага стваральніка самалётаў Су. Вось паглядзім Гарадскі музей і пойдзем у музей Сухога. Гарадскі нам спадабаўся. Нібы такі маленькі музейчык, а там выкарыстоўваюць новыя тэхналогіі — акуляры 3D, віртуальныя экскурсіі, ды і экспазіцыю з цікавасцю паглядзелі».

Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей сапраўды камерны, размясціўся ва ўтульным гістарычным будынку пачатку XX стагоддзя, у якім доўгі час знаходзіўся гарсавет.

Музейная калекцыя пачала збірацца не так даўно — у 90-х гадах мінулага стагоддзя.

«Да 1996 года ў горадзе з амаль 19 тысячамі насельніцтва не было музея. Аснова калекцыі — прадметы побыту і інтэр'еру. Вось у гэтым пакоі ў пачатку мінулага стагоддзя мог жыць, напрыклад, уладальнік банка. Як бачыце, абстаноўка не беднай сям'і,» — паказвае Аляксандр Хайноўскі.

Атмасфера ў горадзе на стыку стагоддзяў была цалкам беларуская, кажа ён. Тут працаваў беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч Ігнат Буйніцкі, які ставіў у Глыбокім спектаклі. І цяпер у горадзе ёсць тэатральная зала яго імя.

А вядомы мастак Язэп Драздовіч у пачатку мінулага стагоддзя працаваў настаўнікам малявання ў польскай гімназіі імя Люблінскай уніі, дзе большасць настаўнікаў былі беларусамі.

«У нас ёсць некалькі маляваных дываноў, распісаных фарбамі — распавёў Аляксандр Хайноўскі. — Іх малявалі на ільняным неапрацаваным палатне. Некаторыя з іх — працы Драздовіча. У нас на Глыбоччыне ў такой тэхніцы працавала велізарная колькасць мастакоў. Былі яго вучні і самастойныя мастакі».

Краязнаўца з Глыбокага Уладзімір Скрабатун падкрэслівае, што ў прыцягненні ўвагі турыстаў да раённага цэнтра добрыя ўсе сродкі, асабліва такія сучасныя, як віртуальныя тэхналогіі.

«Турызм у нашым краі трэба развіваць, — кажа краязнаўца. — У нас ёсць архітэктурныя помнікі —Траецкі касцёл, сабор Раства Багародзіцы. Гэта былы касцёл ордэна кармелітаў, самы першы помнік стылю віленскага барока ў Беларусі. Нарэшце, Глыбоччына багатая азёрамі, толькі ў горадзе іх пяць. Гэта наш гонар».

***

Вірутальныя экскурсіі ў Глыбокім створаны ў рамках вялікага праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь».

Удзельнікамі праекта з'яўляюцца некамерцыйныя арганізацыі, мясцовыя органы ўлады, прадпрыемствы, актыўныя мясцовыя лідары і члены супольнасці.

З лютага 2014 года па кастрычнік 2018-га 243 мясцовыя ініцыятывы з усёй Беларусі атрымалі фінансавую падтрымку Еўрапейскага саюза.

Агульны бюджэт праекта: 5 919 975 еўра

Арганізацыя-выканаўца: Праграма развіцця ААН

Нацыянальны партнёр: Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь

Мэты і задачы: аб'яднаць намаганні і наладзіць партнёрства органаў улады і грамадзянскіх ініцыятыў для развіцця рэгіёнаў з улікам іх асаблівасцей.

***

Аўтар: Алена Спасюк

Article published in Russian by Naviny.by.