Як бізнес мяняе жыццё ў райцэнтры. Досвед Глыбокага

23-01-2020

У Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці створаны Цэнтр пашырэння і падтрымкі прадпрымальніцтва і інавацый. У пачатку наступнага года адкрыецца школа бізнесу. Праект па развіцці ў раёне самазанятасці і малога бізнесу рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрасаюза.

Патрэбныя людзі з крэатыўнымі ідэямі

Праект рэалізуецца ў рамках ініцыятывы «Мэры за эканамічны рост», якая фінансуецца ЕС. У Глыбокім ужо працуе Цэнтр пашырэння і падтрымкі прадпрымальніцтва і інавацый, куды ў лістападзе гэтага года і прыйшла па дапамогу 27-гадовая Кацярына Глушэц. У яе была ідэя, а ў офісе падтрымкі стартап-праектаў Цэнтра спецыялісты дапамаглі гэтую ідэю ператварыць у бізнес-план.

Ідэя была такая — вырошчваць ракаў у закрытым памяшканні і прадаваць іх у рэстараны. Такога ў Беларусі пакуль не робіць ніхто:

«Калі я была ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, убачыла ў Інтэрнэце інфармацыю аб вырошчванні ракаў, і мяне гэта зачапіла. Потым даведалася, што ў памяшканнях у Беларусі ракаў не вырошчваюць, толькі ў адкрытых вадаёмах. Аднак на зіму яны засынаюць, і атрымліваецца, што бізнес працуе не круглы год. Для вырошчвання ракаў на працягу 12 месяцаў ёсць спецыяльнае абсталяванне, і памяшканне трэба звычайнае, замкаў будаваць не трэба. Увогуле, пакуль я вывучала пытанне, адпачынак па доглядзе падыходзіў да канца, я выйшла на ранейшае месца працы — у Кадастравае агенцтва, дзе прапрацавала тры гады геадэзістам. Ведаеце, я была добрым супрацоўнікам, і праца мне падабалася. Аднак сутыкнулася з праблемамі, грошай не хапала. Трэба было нешта мяняць».

Пра ракаў Кацярына на некаторы час забылася. Адкрыла ІП і занялася іншым бізнесам — цяпер у яе гандлёвая кропка ў вёсцы Дзеркаўшчына, за 15 км ад Глыбокага. Прадае прадукты харчавання. Муж дапамагае ў працы. Ёсць наняты прадавец, Кацярына таксама стаіць за прылаўкам.

Пра ракаў Кацярына зноў узгадала, калі ў канцы кастрычніка прыйшла на форум «Пашырэнне. Падтрымка. Інавацыі», арганізаваны ў рамках праекта Еўрасаюза:

«Я падумала аб тым, што прапанаванымі магчымасцямі варта скарыстацца. Сабралася з сіламі і прыйшла ў офіс падтрымкі стартап-праектаў. Не чакала, што будзе такая станоўчая рэакцыя на мае ідэі. У нас жа прынята зрабіць працу і атрымаць за яе грошы ці купіць танней і прадаць даражэй, але не ствараць нешта з нуля. У выніку цяпер у мяне ёсць бізнес-план».

У офісе падтрымкі стартап-праектаў чакаюць людзей з крэатыўнымі ідэямі, каб дапамагчы ім раскруціцца, кажа спецыяліст па сувязях з грамадскасцю праекта Юлія Казлова:

«Ідэя для бізнесу вельмі важная, аднак таксама вялікае значэнне мае пісьменнае яе афармленне. Мы пралічваем варыянты, ацэньваем, наколькі праект будзе эканамічна апраўданы, і прапануем эфектыўныя шляхі для рэалізацыі».

Створаць 400 новых працоўных месцаў і падтрымаюць 10 стартапаў

Дзякуючы Цэнтру пашырэння і падтрымкі прадпрымальніцтва і інавацый 10 стартап-праектаў, уключаючы бізнес Кацярыны Глушэц, пачнуць сваю дзейнасць — у рамках праекта іх падтрымаюць інфармацыйна і метадычна.

Для Глыбоцкага раёна важна развіваць прадпрымальніцтва, бо падатковы ўклад прыватнага бізнесу складае ўсяго крыху больш за 20%. Большасць прадпрымальнікаў працуе ў райцэнтры, але ў сельскай мясцовасці ёсць шмат ніш, якія можна паспяхова заняць, адзначыў Іван Муляронак.

У лютым у Глыбокім адкрыецца школа бізнесу, прадпрымальніцтва і інавацый. У рамках еўрапейскага праекта ўзровень сваіх ведаў тут падвысяць каля трохсот чалавек, распавяла каардынатар праекта Іна Лагун:

«Як мы высветлілі ў рамках апытання фокус-груп, у насельніцтва вельмі нізкі ўзровень ведаў аб прадпрымальніцкай дзейнасці. Хутка запрацуе сайт праекта, там можна будзе не толькі знайсці інфармацыю аб нашых паслугах, але і прасунуць бізнес, які ўжо працуе».

Іна Лагун кажа, што ўся праца цэнтра арыентаваная на развіццё эканомікі раёна: «У невялікіх гарадах знайсці працу няпроста, і Глыбокае не выключэнне».

У горадзе і раёне за апошнія пяць гадоў закрылася некалькі прадпрыемстваў: Глыбоцкае райспажыўтаварыства, кансервавы завод, Падсвільскі вінзавод — вызвалілася больш за тысячу чалавек. Пры гэтым афіцыйнае беспрацоўе складае 0,3%, на біржы працы зарэгістраваліся ўсяго 52 чалавекі.

Ачысцяць возера Пятроўскае

Кацярына Глушэц кажа, што ракі патрабавальныя да ўмоў утрымання, ім патрэбны чысты вадаём:

«Я думала пра некалькі вадаёмаў, але мы спыніліся на возеры Пятроўскім каля вёскі Пятроўшчына. Возера размешчана недалёка ад трасы Р3, па якой людзі едуць па кірунку Мінск — Браслаў. Калі там з'явіцца ферма па гадоўлі ракаў, гэта можа стаць прывабным фактарам для развіцця экатурызму. Для мясцовых жыхароў ферма адкрые магчымасці для працаўладкавання, а для бізнесу добра, што на месцы ёсць працоўная сіла».

Кацярына плануе, што ў Пятроўскім будзе браць ваду для сваёй фермы па гадоўлі ракаў, туды ж часткова стануць выпускаць ракаў, калі возера будзе ачышчана.

Старшыня Узрэчскага сельскага выканаўчага камітэта, на тэрыторыі якога знаходзіцца Пятроўскае, Пётр Дашкевіч лічыць, што «цяпер возера ў нядрэнным стане» — ёсць і рыба, і ракі.

Недалёка ад возера ёсць два пустых будынкі — адзін былы інтэрнат, а другі — млын. Кацярына плануе разводзіць ракаў у былым інтэрнаце — памяшканне невялікае, няцяжка будзе падтрымліваць неабходную тэмпературу.

«Праект па стварэнні фермы з абсталяваннем абыйдзецца ў 20 тысяч долараў, — распавяла Кацярына. — Трэба яшчэ мець на ўвазе арэнду памяшканняў. Развядзенне ракаў — працэс працяглы: тры гады сыходзіць на тое, каб з рачка ў штучных умовах вырас рак (у прыродзе — больш за чатыры). Каб першы цыкл скончыць хутчэй, на першым этапе плануецца закупаць невялікіх ракаў і дарошчваць, пакуль асноўнае племя вырасце».

Кацярына кажа, што яе інавацыйны праект падтрымлівае муж. Яны хочуць жыць у Глыбокім і зрабіць нешта вартае на сваёй радзіме: «Я ж нездарма вярнулася ў бацькоўскі дом пасля заканчэння Полацкага ўніверсітэта. Мы хочам тут гадаваць сына і рабіць бізнес».

Аўтар: Алена СПАСЮК

Article has been published in Russian by Naviny.by