«Умовы будуць шыкоўныя». Як у Камянцы на грошы ЕС будуюць новую пажарную частку

25-03-2020

Ужо ў гэтым годзе пажарная частка горада Камянец Брэсцкай вобласці пераедзе ў новы сучасны будынак, якому могуць пазайздросціць і ў абласных цэнтрах. Тут таксама размесціцца адукацыйны цэнтр бяспекі. Такія змены сталі магчымыя дзякуючы сумеснаму праекту Еўрапейскага саюза і Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС.

«Усім жа хочацца працаваць у нармальных умовах»

Стары будынак пажарнай часткі быў прызнаны аварыйным. Яго знеслі ў 2017 годзе. І тады ж пачалі будаваць новы. На сённяшні дзень гатоўнасць усяго аб'екта, а гэта двухпавярховы адміністрацыйна-бытавы комплекс з актавай і трэнажорнай заламі, адукацыйным цэнтрам і пакоямі адпачынку для асабістага складу, а таксама гаражы, складае 90%.

У новым будынку будзе некалькі пакояў адпачынку на двух-трох чалавек кожны. Гэта значна паляпшае ўмовы для адпачынку байцоў.

 

Ратавальнікі, якія выязджаюць на НС, працуюць суткі праз двое. Праца цяжкая, заробак сціплы. Адбой у 22 гадзіны, пад'ём у шэсць раніцы. Ёсць розныя дзяжурствы, таму ноччу ў ідэальным варыянце баец спіць усяго каля чатырох гадзін.

«Умовы будуць шыкоўныя, — сказаў кіраўнік Камянецкага раённага аддзела МНС Андрэй Парафянюк. — Будзе добрая база для заняткаў фізпадрыхтоўкай. З'явяцца камфортныя пакоі для заняткаў баявой падрыхтоўкай, псіхалагічнай разгрузкі, пакоі для падрыхтоўкі і прыёму ежы. Мы разлічваем, што паляпшэнне ўмоў дазволіць істотна павысіць узровень прафесійнай гатоўнасці, яшчэ мацней згуртаваць калектыў. Усім жа хочацца працаваць у нармальных умовах».

У Камянцы каля васьмі тысяч жыхароў, ва ўсім раёне — больш за 34 тысячы. У пажарнай частцы Камянца —два баявыя аддзяленні. Тут працуе 49 чалавек, з іх 34 байцы, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Частка абслугоўвае не толькі Камянецкі раён, але таксама тэрыторыі Жабінкаўскага і Брэсцкага раёнаў.

Кошт будаўніцтва новай пажарнай часткі ў Камянцы ацэньваецца прыкладна ў 2,3 млн еўра, з іх большасць сродкаў выдзеліў Еўрасаюз у рамках праекта «Бяспека на трансгранічнай беларуска-польскай тэрыторыі. Умацаванне патэнцыялу пажарных і выратавальных служб», а 10% ад гэтай сумы, згодна з умовамі кантракту, —  Брэсцкі аблвыканкам у рамках Рэгіянальнай інвестыцыйнай праграмы.

Аўталесвіца, цепладымакамера і загадкавая вежа

У новай частцы з'явіцца аўталесвіца — гэта аўтамабіль з высоўнай лесвіцай, прызначанай для эвакуацыі з вышыні і падачы на вышыню пажарных ствалоў. Для спецтэхнікі ўжо выдзелена асобнае месца ў гаражы.

Пакуль у раёне такой тэхнікі няма, што з'яўляецца адным з фактараў, якія стрымліваюць будаўніцтва ў Камянцы шматпавярховых будынкаў, бо аказанне дапамогі пры НС на верхніх паверхах высокіх дамоў без аўталесвіцы ўскладнена.

На тэрыторыі часткі будзе працаваць цепладымакамера — навучальны трэніровачны комплекс з імітацыяй абстаноўкі пажару. Мадэляваныя сітуацыі максімальна набліжаюць да рэальных экстрэмальных умоў баявой працы. З дапамогай спецыяльных каркасаў пабудуюць лабірынты, тэмпературу паветра падымуць, спецыяльная ўстаноўка задыміць памяшканне, атмасферу НС дапоўняць гукавыя і светлавыя эфекты.

Для прафесійных трэніровак байцоў на тэрыторыі часткі таксама пабудавана вучэбна-трэніровачная вежа.

Начальнік сектара інфармацыі і грамадскіх сувязей Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Канстанцін Шаршуновіч, які на працягу 24 гадоў узначальваў гэтае ўпраўленне, а праслужыў у ім больш за 40 гадоў, кажа, што пажарная частка Камянца будзе адной з лепшых у краіне па архітэктуры, лагістыцы і ўмовах для персаналу.

Новая пажарная частка будуецца ў Камянцы

Ён адзначыў, што ў рамках праекта плануецца таксама закупіць шмат вельмі важных рэчаў для працы ратавальнікаў — 40 камплектаў адзення, 75 дыхальных апаратаў на сціснутым паветры і два мабільныя кампрэсары высокага ціску для запраўкі такіх апаратаў.

Праект «Бяспека на трансгранічнай беларуска-польскай тэрыторыі. Умацаванне патэнцыялу пажарных і выратавальных служб» — восьмы па ліку і самы буйны з рэалізаваных Брэсцкім абласным упраўленнем МНС і Еўрасаюзам у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Украіна — Беларусь» з 2008 года.

Геаграфічнае становішча абавязвае да партнёрства з суседзямі, кажа Канстанцін Шаршуновіч: «Супрацоўніцтва з ратавальнікамі Польшчы і Украіны дае нам магчымасць хутчэй укараняць усё новае, што з'яўляецца ў сістэме выратавальнай службы. Мы гатовыя ў выпадку НС аказваць дапамогу на тэрыторыі Польшчы і Украіны, а нашы калегі, адпаведна, у нас. Для гэтага ёсць спрошчаны механізм праходжання мытнага і памежнага кантролю».

Узровень працы ратавальнікаў у Беларусі сувымерны з Еўрапейскім, падкрэсліў Канстанцін Шаршуновіч, а дзякуючы трансгранічнаму супрацоўніцтву ён толькі паляпшаецца.

Аўтар: Алена СПАСЮК

Article published in Russian by Naviny.by