Кросфіт. «Хочацца, каб сюды прыязджалі займацца і здаровыя, і людзі з інваліднасцю»

02-12-2019

Дзякуючы ініцыятыве «Інклюзіўны кросфіт», у трэнажорнай зале басейна «Дэльфін» у Лідзе Гродзенскай вобласці займаюцца разам людзі, якія перамяшчаюцца на калясках і без.

Трэнер Віктар Захар'еў падцягваецца разам з каляскай. Кажа, што агульная вага атрымліваецца каля 90 кілаграмаў: «Можна, вядома, толькі сваю вагу падымаць, але я люблю з каляскай. У спорце я з дзяцінства, пасля траўмы, якая здарылася больш за дваццаць гадоў таму, выкладаў цяжкую атлетыку, пазней перакваліфікаваўся — майстар спорту па плаванні. Таксама я інструктар па экстрэмальных відах спорту, у тым ліку гарналыжным спуску».

Віктар пераехаў у Ліду з Мінска ў красавіку гэтага года: «Мяне запрасіў Саша Аўдзевіч, які ўсё гэта прыдумаў».

Кіраўнік праекта «Інклюзіўны кросфіт» Аляксандр Аўдзевіч, які раней жыў у Лідзе, нямала зрабіў для камфорту людзей з інваліднасцю ў горадзе. У выніку супрацоўніцтва Лідскага аддзялення Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў (РАІК) з мясцовымі ўладамі Ліда — адзін з самых інклюзіўных гарадоў краіны, а безбар'ернае асяроддзе тут — звычайная справа.

Ініцыятыва «Інклюзіўны кросфіт» рэалізуецца РАІК у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, папулярызацыя здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» («БЕЛМЕД»), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

Як распавёў Аляксандр Аўдзевіч, на абсталяванне трэнажорнай залы было выдаткавана каля 20 тысяч еўра, яшчэ пяць тысяч пайшло на зарплату трэнеру на час рэалізацыі праекта.

Аляксандр Аўдзевіч спадзяецца, што праект не толькі дасць магчымасць людзям з інваліднасцю бясплатна займацца спортам, але і паўплывае на змяненне стаўлення да праблемы ў грамадстве ў цэлым:

«Хацелася б дасягнуць пункту незвароту, калі людзі з інваліднасцю будуць успрымацца як роўныя, калі трэнер на вазку зможа канкураваць з іншымі прафесіяналамі».

Зараз, як адзначыў трэнер Віктар Захар'еў, большасць людзей, якія займаюцца ў зале — здаровыя. Па-першае, людзей з інваліднасцю ў горадзе не так шмат. А па-другое, мэта праекта яшчэ і ў тым, каб людзі з інваліднасцю і без займаліся разам.

«Здаровыя ўжо не глядзяць на калясачнікаў як на кагосьці асаблівага настолькі, што з ім цяжка мець зносіны. Пакуль праект працягваецца, заняткі праходзяць для ўсіх бясплатна», — распавёў Віктар Захар'еў.

Трэнер пры школе коннага спорту Таццяна Грынцэвіч ходзіць у залу, каб пахудзець, і з красавіка, калі зала адкрылася, ужо дасягнула добрых вынікаў:

«У Лідзе шмат трэнажорных залаў, але я выбрала менавіта гэтую, таму што тут вельмі добры трэнер, з усімі камунікуем, шмат розных людзей — з інваліднасцю і без. Мы ўсе маем нармальныя стасункі адзін з адным».

Гэта пацвярджае і Алена Нічыпар, якая займаецца ў зале таксама з красавіка: «Мне патэлефанавала мама Сашы Аўдзевіча і распавяла пра адкрыццё залы. Першы раз прыехала, мне спадабалася, вось цяпер хаджу тры разы на тыдзень. Жыву я недалёка — недзе каля двух кіламетраў адсюль. Я хацела ўмацаваць рукі і пахудзець. Абедзве мэты дасягнутыя».

Алена жыве адна на першым паверсе шматкватэрнага дома, у якім ёсць пандус, абыходзіцца без пад'ёмніка. Ёй дапамагае сацыяльны работнік, за паслугі якога плаціць крыху менш за пяць рублёў на месяц:

«Мне трэба дапамога, напрыклад, вынесці смецце, ну і зімой схадзіць у краму. Калі намяце снегу, ніяк не выедзеш. Спадзяюся, змагу неяк ездзіць у залу на кросфіт».

Кросфіт ў Лідзе толькі набірае папулярнасць, кажа Віктар Захар'еў: «Наша зала невялікая — адначасова можа займацца не больш за шэсць чалавек».

Трэнер кажа, што цяпер у модзе здаровае цела, а не вялізныя мускулы, таму пры пісьменным падыходзе лічыць кросфіт больш карысным, чым, напрыклад, толькі сілавыя трэніроўкі.

«Асноўная задача трэніроўкі — павялічыць вынослівасць, — распавёў ён. — Гэта адбываецца не з выкарыстаннем вялікай вагі, а з дапамогай павелічэння працягласці занятку і невялікага прамежку для адпачынку. Гэта цыклічная трэніроўка. Цяпер такая падрыхтоўка вельмі папулярная, бо вынослівасць вельмі актуальная.

Напрыклад, людзі, якія падымаюць вялікую вагу, часам не здольныя хутка прабегчыся да другога паверху. Нашы трэніроўкі накіраваныя на вынослівасць цягліц. У нас ёсць кардыянагрузкі (скакалка, вяслярны трэнажор), цяжкая атлетыка і гімнастыка».

Для любога чалавека важна займацца спортам, кажа трэнер, а для чалавека з інваліднасцю — пагатоў: «Ёсць асаблівыя праблемы ў калясачнікаў, напрыклад. Сядзячы лад жыцця выклікае парушэнне кровазвароту. Я сам пасля траўмы два гады трэніраваўся, каб паспрабаваць ўстаць на ногі. Як і ў любога чалавека, які атрымаў траўму, у мяне была надзея, што ўсё наладзіцца. Па заканчэнні двух гадоў зразумеў, што ў частцы ніжніх канечнасцей няма ніякай дынамікі, а жыць неяк трэба. І я працягнуў займацца спортам».

Віктар быў вельмі ўражаны безбар'ерным асяроддзем у Лідзе, якое дазваляе калясачнікам перамяшчацца без уласнай машыны. Калі загадзя замовіць, нават маршрутка прыязджае наўпрост да дому.

Праект скончыцца ў снежні, і Віктар паедзе ў Мінск. У яго вялікія планы — ён цяпер яшчэ ўдзельнічае ў праекце Дзяніса Васілевіча «Асаблівы падыход», які выйграў у конкурсе сацыяльных праектаў. Хутка людзі з інваліднасцю змогуць катацца на лыжах, каяках, цюбінгах і займацца SUP-сёрфінгам.

А трэнажорная зала ў Лідзе будзе працаваць пры мясцовай ДЗЮШАР. Паводле дамоўленасці людзі з інваліднасцю будуць наведваць заняткі бясплатна. З трэнерам пытанне пакуль не вырашанае.

Магчыма, Віктара зможа замяніць Яўген Унгур, які лічыць, што калясачнікаў «лепш за ўсё зразумее толькі калясачнік».

Праца ў зале дапамагла Яўгену набраць добрую фізічную форму — «сантыметры з таліі сышлі, я адчуваю сябе лепш, раней стамляўся, калі ездзіў па горадзе, цяпер значна лягчэй».

Яўгену вельмі б хацелася, «каб зала працавала і надалей і каб сюды прыязджалі займацца і здаровыя, і людзі з інваліднасцю».

Алена СПАСЮК

The article is published in Russian by Naviny.by