Іна Сумская: «Шкадую, чаму не зрабіла гэтага раней»

31-03-2019

Як жыхарка Баранавічаў з'ехала працаваць валанцёрам на год у Партугалію

 

25-гадовая жыхарка горада Баранавічы Іна Сумская год таму выправілася валанцёрам у Партугалію. Дзяўчына расказала, як стала валанцёрам, ці з'яўляецца веданне замежнай мовы вырашальным фактарам для ўдзелу ў праграме, чаму яна навучылася і пра што шкадуе.

 

У 2015 годзе я скончыла геаграфічны факультэт па спецыяльнасці гідраметэаролаг і ўладкавалася на працу ў Гідраметцэнтр у Мінску. Займалася тым, што працавала з базамі дадзеных аграназіранняў, ездзіла па метэаралагічных станцыях Мінскай вобласці, правярала працу спецыялістаў і абсталявання.

Аб праграмах валанцёрства

Валанцёрствам я раней ніколі не займалася, тым не менш інфармацыю аб розных валанцёрскіх праграмах, якую публікуюць у інтэрнэце і сацсетках, праглядала. Дзякуючы гэтаму я ведала, што ў Мінску ёсць дзве грамадскія арганізацыі, якія займаюцца пошукам валанцёраў для працы за мяжой, – «Фіальта» і «Новыя твары». Аднойчы на сайце «Фіальта» я ўбачыла праграму EVS (Валанцёрская Еўрапейская служба), якая шукала валанцёраў у Партугалію ў няўрадавую арганізацыю «H2O-Associação de Jovens de Arrouquelas» тэрмінам на адзін год. Я вырашыла, чаму б не паспрабаваць, і падала заяўку, куды ўваходзілі рэзюмэ і матывацыйны ліст. На працягу тыдня мне перазванілі і запрасілі на сумоўе ў Мінск. Дарэчы, англійскую мова я ведала не вельмі добра, але гэта не перашкодзіла, мне прапанавалі стаць валанцёрам.

 

Аб умовах

Пасля гутаркі са мной звязаліся з Партугаліі і распавялі аб праграме і ўмовах валанцёрства. Аказалася, што трэба будзе працаваць з дзецьмі розных узростаў, арганізоўваць для іх розныя мерапрыемствы: гульні, спаборніцтвы, трэніровачныя курсы, моладзевыя абмены. Распавялі аб умовах пражывання (ва ўладкаваным двухпавярховым доме з іншымі валанцёрамі), аб наяўнасці аўтамабіля, якім можна карыстацца калі ёсць пасведчанне кіроўцы, а таксама аб кішэнных грошах – 200 еўра, якія выдаюцца штомесяц на асабістыя патрэбы. Заробка ў валанцёраў няма.

Пагадзілася на паездку я не адразу. Галоўнай прычынай гэтага з'яўлялася тое, што ехаць трэба было на цэлы год. Чужая краіна, расстанне з бацькамі. Ды і валанцёрскага досведу ў мяне не было. Але ў выніку я вырашыла ехаць.

Далей трэба было сабраць пакет дакументаў, куды ўваходзілі меддаведкі аб стане здароўя, страхоўка, падпісаны кантракт, рабочая віза на год, якая адкрываецца па запрашэнні. На збор усіх дакументаў і атрыманне візы пайшло каля месяца. Самым складаным было атрымаць візу. Пасольства Партугаліі знаходзіцца ў Маскве, і туды давялося ехаць двойчы: спачатку падаць дакументы, потым забраць іх. Цешыла тое, што арганізацыя цалкам пакрывала выдаткі: візу, пералёт і жыллё.

 

Аб працы і ўроках партугальскай мовы

Мой першы дзень у Партугаліі быў хвалюючы і цікавы — новая краіна, новыя людзі, новыя веды. Тут па гэтай жа праграме працавалі валанцёры з Эстоніі, Турцыі, Францыі, Македоніі, Іспаніі, Румыніі. Мова зносін у асноўным англійская. Спачатку мне было складана пераадолець моўны бар'ер. Але з часам усё наладзілася.

Акрамя таго, што я падцягнула англійскую, мне прыйшлося вывучыць партугальскую. Бо з дзецьмі трэба было камунікаваць па-партугальску. І калі англійскую я хоць неяк ведала, то партугальскую... Калі пачула пра гэта патрабаванне, разгубілася. Але аказалася, што гэтая праблема вырашальная: для валанцёраў па вечарах двойчы на тыдзень арганізоўвалі ўрокі партугальскай мовы ў вышэйшай школе.

Праца – пяць дзён на тыдзень. Працоўны дзень складаецца з некалькіх этапаў. Да 10 раніцы ішла ў арганізацыю, дзе дапамагала камплектаваць ежу для сем'яў з нізкім даходам. Затым — у школу, дзе да 17.00 працавала з дзецьмі. У адной з маіх груп былі дзеці-аўтысты. З імі першы час было няпроста, бо гэта асаблівыя дзеці, больш закрытыя і цяжэй ідуць на кантакт. Да іх трэба было знайсці падыход, і на гэта спатрэбіўся час.

Аб падарожжы па краіне і сустрэчы з прэзідэнтам

У выхадныя разам з іншымі валанцёрамі я падарожнічала па краіне. Я аб'ездзіла амаль усю Партугалію, даведалася пра яе культуру, гісторыю — і гэта таксама вялікі плюс валанцёрства. Шмат грошай на паездкі не патрабавалася, бо мы спынялася ў іншых валанцёраў або карысталася каўчсёрфінгам (сайт пошуку бясплатнага начлегу).

А яшчэ тут проста так можна сфатаграфавацца з прэзідэнтам. Аднойчы з сябрамі мы паехалі ў горад Кашкайш, дзе вырашылі прагуляцца па пляжы. З размовы людзей я пачула, што прыедзе прэзідэнт, каб прыняць удзел у заплыве з моладдзю. Я была прыемна здзіўленая. Прэзідэнт, як звычайны чалавек, пераапранаўся на пляжы, плаваў з усімі. Пасля невялікай размовы з ім мы развіталіся, як прынята ў Партугаліі — цмокнуліся з двух бакоў.

Пра плюсы валанцёрства

Я лічу, што валанцёрства можа быць папулярна і ў нашай краіне. Але ўся праблема ў тым, што ў нас не хапае грамадскіх арганізацый, якія займаліся б гэтым. У нас мала хто ведае пра валанцёрства. Пра гэтую тэму не чуваць: няма рэкламы — ні на білбордах, ні ў СМІ. За мяжой усё наадварот. Там на валанцёрства выдзяляюць фінансы, ствараюць адпаведныя ўмовы. Там зацікаўленыя, каб моладзь падчас працы або вучобы прымала ўдзел у розных валанцёрскіх праграмах, павышала сваю працоўную кваліфікацыю і абменьвалася вопытам за мяжой.

Мой тэрмін праграмы падышоў да канца. Пакуль я не ведаю, што буду рабіць далей: можа, знайду працу, можа, паеду ў іншую паездку. Я ўсё яшчэ знаходжуся ў пошуках сябе. Але магу з упэўненасцю сказаць, што валанцёрства – гэта выдатны эксперымент у маім жыцці, які змяніў мяне, шмат чаму навучыў і пашырыў мой кругагляд. І шкадую я толькі аб адным: чаму не зрабіла гэтага раней.

Я ўдзячная прэзідэнту валанцёрскай арганізацыі «H2O — Associação de Jovens de Arrouquelas» Alexandre Jacinto за падтрымку на працягу ўсяго праекта, а таксама ўсёй камандзе валанцёраў.

Article published in Russian by Intex-Press.by.