Героі на краі прорвы. Рэпартаж з прытулку для жанчын у Магілёве

07-03-2019

Наташы з 14-гадовым Сашам няма дзе жыць. Яны знайшлі прытулак у сацыяльным крызісным цэнтры для жанчын у Магілёве. Наташа кажа, што тут выратавалі яе сям'ю і што яна будзе змагацца за сына.

Мы накіраваліся ў Магілёў, дзе ў прыватнай сацыяльна-педагагічнай установе адукацыі «SOS–Дзіцячыя вёскі Магілёў» працуе Сацыяльны крызісны цэнтр.

«Людзі, якія ідуць у прытулак — героі»

Цэнтр фінансуе грамадская арганізацыя «SOS–Дзіцячыя вёскі», якая з'яўляецца заснавальнікам SOS–Дзіцячых вёсак у Бараўлянах, Мінску, Марынай Горцы і Магілёве. У кожнай з гэтых дзіцячых вёсак ёсць цэнтр па падтрымцы жанчын у складанай жыццёвай сітуацыі, уключна з прытулкам.

Вядучы спецыяліст па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва «SOS-Дзіцячыя вёскі» Алеся Чарняўская распавяла, што іх арганізацыя з 1991 года з'яўляецца членам Міжнароднай арганізацыі SOS-Kinderdorf International, якая фінансуе Дзіцячыя вёскі ў 136 краінах.

У апошнія гады «SOS-Дзіцячыя вёскі» атрымлівалі дадатковае фінансаванне ад Еўрапейскага саюзу ў рамках праектаў «Бяспека. Права на жыццё без гвалту. Школа бацькоў», а таксама праекту «Школа бацькоў» (прасоўванне пазітыўнага бацькоўства ў Беларусі).

«Крызісны цэнтр у Магілёве мы адкрылі дзякуючы дадатковаму фінансаванню ад SOS-Kinderdorf International у 2007 годзе, — сказала Алеся Чарняўская. — У сярэднім больш за 25 жанчын і дзяцей штогод праходзіць праз кожны з пяці нашых прытулкаў, гэта значыць усяго каля 125 чалавек».

Алеся Чарняўская кажа, што рашэнне скарыстацца дапамогай крызіснага цэнтра цяжка даецца жанчынам, а арганізацыя бярэ на сябе вялікую адказнасць:

«Жанчына, якая згаджаецца на пераезд у прытулак, часцей за ўсё знаходзіцца на краі прорвы. Ёй няма куды ісці, але на месцы заставацца немагчыма. Кагосьці збіваюць дома, а хтосьці знаходзіцца пад пагрозай адабрання дзіцяці з сям'і. Можна сказаць, што людзі, якія ідуць у прытулак, —  героі. Яны прымаюць складанае рашэнне і рэальна мяняюць сваё жыццё».

«Мне няма куды ісці»

Часцей за ўсё падапечнымі прытулкаў становяцца маці і дзеці з сем'яў, дзе ў дзіцяці ёсць вялікая рызыка страціць сямейнае асяроддзе. Калі ў сям'і, напрыклад, бацькі п'юць, пакідаюць малых дзяцей без нагляду, без ежы, могуць прызнаць, што дзіця знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). А ў выпадку адсутнасці якіх-небудзь змен сітуацыі ў сям'і — адабраць.

Сям'я Наташы — яна і 14-гадовы сын Саша —  знаходзяцца ў СНС. Жанчына трапіла ў цяжкую жыццёвую сітуацыю праз тое, што ёй з дзіцём няма дзе жыць. Яе частка дому, які яна дзеліць з братам-алкаголікам, прыйшла ў непрыдатнасць.

Усю мінулую зіму Наталля здымала жыллё, а за гэты час яе брат канчаткова дабіў дом. Ён літаральна развальваецца, жыць там немагчыма. Каб адрамантаваць дом, трэба ўкласці вельмі шмат грошай, якіх няма.

Наталля працуе па начах у клінінгавай кампаніі, зарабляе крыху больш за 300 рублёў. У жанчыны няма ніякай дапамогі ад бацькі дзіцяці, бацькі памерлі.

Педагог Сацыяльнага крызіснага цэнтра «SOS-Дзіцячая вёска Магілёў» Юлія Барчан лічыць, што «сітуацыя Наташы сапраўды вельмі сур'ёзная, бо ў яе дарослае дзіця». У 14 гадоў хлопчыку было б вельмі цяжка страціць сям'ю.

Саша і Мікіта

У дваццацігадовай Сашы таксама бяда з жыллём. Яе сыну Мікіту 9 месяцаў. Саша кажа, што перад ёй стаяў выбар — або дзяржава забярэ дзіця, або яна паедзе ў прытулак.

Саша — сірата, жыла ў прыёмнай сям'і ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Пра тое, якімі былі людзі, што вырасцілі яе, кажа коратка: «Пойдзе».

Калі дзяўчыне споўнілася 18 гадоў, яна пасялілася, як сама кажа, у сужыцеля, бацькі дзіцяці: «Я вярнулася з радзільні да яго, але пражыла з ім толькі тры месяцы, ён стаў падымаць на мяне руку, а потым выгнаў». Аліменты ад яго Саша не атрымлівае — не вызначала бацькоўства, кажа, што пакуль не хоча гэтага рабіць.

Такіх жанчын, якіх або дома білі, або пакінулі ў сітуацыі, калі яны аднаасобна не спраўляліся з цяжкасцямі, у прытулку цяпер восем, у кожнай з іх па дзіцяці. Самаму малодшаму толькі-толькі споўнілася тры месяцы, а самаму старэйшаму, сыну Наташы, — 14 гадоў. У кожнай свой пакой, кухня і вітальня — агульныя.

Часам, калі здараецца экстранная сітуацыя, селяць дзвюх маці ў адзін пакой.

«Наша задача падтрымаць у цяжкі момант, зрабіць сям'ю самадастатковай»

У цэнтры ёсць комплекс паслуг для цяжарных, для жанчын, якія апынуліся ў крызіснай жыццёвай сітуацыі, жанчын-ахвяр хатняга гвалту з малымі дзецьмі.

Часцей за ўсё ў цэнтры жывуць маладыя мамы, часам непоўнагадовыя.

«Такія маладыя маці часта не маюць даходу, не эмансіпаваныя, не могуць даглядаць за дзіцем так, як гэта неабходна, — распавяла кіраўнік Сацыяльнага крызіснага цэнтра для жанчын Алена Пушкарова. — У дзяржавы няма іншага спосабу абараніць дзіця, акрамя як адабраўшы яго ў маці. Мы ж можам дапамагчы тым, што паселім маму і дзіцяці ў наш прытулак, навучым асновам мацярынства, догляду за дзіцём. Наша задача — падтрымаць у цяжкі момант, зрабіць сям'ю самадастатковай, каб жанчына магла жыць без старонняй дапамогі».

Асаблівасць Сацыяльнага крызіснага цэнтру ў тым, што тут аказваюць дапамогу комплексна, прычым прафесійна.

Псіхалагічная дапамога з'яўляецца асновай працы — тут і індывідуальнае кансультаванне, і заняткі па развіцці асобы. Сацыяльная падтрымка ўключае ў сябе, акрамя кансультацый, суправаджэнне жанчын для атрымання доступу да даступных сацыяльных, медыцынскіх і іншых паслуг.

Педагагічная дапамога і падтрымка — гэта адукацыйныя мерапрыемствы для маці, трэнінгі бацькоўскай эфектыўнасці, падрыхтоўка да свядомага мацярынства. Тут працуе некалькі груп самадапамогі для жанчын.

Гэта страшнае слова «СНС»

Многія жанчыны не давяраюць дзяржаўным інстытутам і не звяртаюцца да іх па дапамогу, бо баяцца апынуцца ў СНС, баяцца, што ў іх забяруць дзяцей, калі яны звернуцца ў міліцыю.

«Відавочна, што праблема гвалту ў сям'і існуе, што ў выніку фізічнага, псіхалагічнага гвалту пакутуюць дзеці. На жаль, ахвяры часта пра яго не кажуць, зыходзячы з памылковага сораму,» — адзначае Алена Пушкарова.

Яна ўпэўненая, што ўсё залежыць ад саміх жанчын: «Калі жанчына сапраўды хоча змяніць сітуацыю, пазбавіцца ад гвалту і захаваць дзяцей, яна будзе звяртацца па дапамогу. СНС не варта баяцца, гэты статус толькі азначае, што сям'я будзе знаходзіцца на кантролі і можа атрымаць дапамогу».

Наташа, маці 14-гадовага Сашы, дадае, што «СНС не страшны, нават ёсць свае плюсы. » Яна лічыць, што дзякуючы СНС яна і дзіця жывуць у нармальных умовах у прытулку, а школа ёй дапамагае.

Дапамагчы атрымліваецца не ўсім

8 сакавіка адсвяткуюць у цэнтры не ўсе жанчыны, з якімі мы пазнаёміліся.

Наташа кажа, што будзе тут адназначна — ісці няма куды, ды і ведае, што ў прытулку дзіця ў бяспецы: «Упэўненая, што Саша мяне павіншуе. На кожны жаночы дзень, пачынаючы з узросту дзіцячага садка, ён абавязкова малюе мне паштоўку».

А вось Саша, маці дзевяцімесячнага Мікіты, вяртаецца ў інтэрнат. Саша планавала жыць у цэнтры да лета, аднак не змагла выконваць правілы цэнтра. Што будзе далей з ёй і яе дзіцём, цяпер залежыць толькі ад яе.

У цэнтры зыходзяць з таго, што самае важнае — захаваць сям'ю, гэта значыць маці для дзіцяці. Але калі ствараецца пагроза бяспекі для дзіцяці, дык, распавяла Юлія Барчан, прытулак сам можа ініцыяваць працэс адабрання дзіцяці, і з крызіснага цэнтру маці сыходзіць адна:

«Вельмі юныя дзяўчыны часта не гатовыя займацца дзіцём. Яны ў такім узросце хочуць пастаяннага свята, кахання, спатканняў. Аднак у нас гэтыя спатканні могуць быць толькі ў спецыяльным памяшканні, дзе можна сустракацца і з мужчынамі, і са сваякамі. Аднак дапусціць, каб у агульны пакой, дзе ёсць дзеці і іншыя жанчыны, прыходзілі і высвятлялі адносіны мужчыны, ад якіх жанчына сышла ў наш прытулак, мы не можам. Вось у канцы лютага з'ехала дадому Жэня, якой толькі-толькі споўнілася 18. Яна таксама не змагла выконваць правілы».

У цэнтры таксама спрабавалі дапамагчы 19-гадовай маці, у якой было трое дзяцей. Аднак яна так і не змагла іх захаваць, таму што была не ў стане пра іх клапаціцца.

Са свайго досведу працы ў цэнтры Юлія Барчан бачыць, што ў крызіснай сітуацыі часцей за ўсё аказваюцца жанчыны без падтрымкі сям'і. Такім жанчынам, большасць з якіх не атрымалі ў дзяцінстве любові, добрага прыкладу сямейнага жыцця, выхавання і адукацыі, цяжка быць мамамі, тым больш што многія з іх аказваюцца адзінокімі бацькамі.

Спецыялісты цэнтра адзначаюць, што калі жанчына не спраўляецца з бацькоўствам або жыве ў сітуацыі гвалту, дык няма нічога ганебнага ў тым, каб звярнуцца па дапамогу.

У сітуацыі гвалту можа апынуцца жанчына любога ўзросту і любога сацыяльнага статусу. Гвалт, кажуць тут, нельга замоўчваць, яго трэба спыніць. А каб пра гэта падумаць, Міжнародны жаночы дзень — добрая нагода.

Аўтар: Алена СПАСЮК

Article published in Russian by Naviny.by.