Беларускіх школьнікаў навучылі правільна дбаць пра чысціню рэк

19-09-2019

Дзевяцікласніца сярэдняй школы ў аграгарадку Лапаціна Пінскага раёна Брэсцкай вобласці Яна Фурсевіч — заўзятая рыбачка, якая аднойчы сама злавіла ў Стыры — прытоку Прыпяці — шчупака.

Дзякуючы таму, што яна ўдзельнічала ў маніторынгу ракі Стыр ў рамках праекта «Трансмежныя водныя інспектары», Яна ведае, што рака ў раёне яе вёскі чыстая.

У Стыры не знаходзяць ні нітратаў, ні фасфатаў

Праект рэалізоўваў мясцовы фонд «Інтэракцыя», у ім удзельнічалі дзесяць школ з Пінскага раёна Беларусі і столькі ж школ з Любяшоўскага раёна Украіны.

У рамках праекта ў раёнах, якія мяжуюць адзін з адным, з'явіліся 20 грамадскіх экалагічных пастоў. Адзін з іх — у аграгарадку Лапаціна, дзе жыве 450 чалавек.

У Лапацінскай школе з беларускай мовай навучання сёння вучыцца 86 дзяцей. У класах ад чатырох да дзесяці чалавек. Большасць вучняў — мясцовыя, астатнія — з бліжэйшых вёсак. Падвозяць дзяцей у школу за кошт мясцовага бюджэту, абедамі кормяць бясплатна.

Праўда, дзеці робяць свой унёсак — пры школе ёсць каля гектара зямлі, на якой вырошчваюць бульбу, буракі, моркву. Кожны школьнік, пачынаючы з пятага класа, летам адпрацоўвае 15 гадзін на школьным агародзе. Дзеці таксама працуюць на пасадцы лесу, за што школа атрымлівае сродкі.

І калі праца ў грамадскіх інтарэсах — гэта больш абавязак, то маніторынг ракі — гэта ўжо задавальненне, дзецям гэта падабаецца. У адмысловае валізцы, якая з'явілася ў школьнікаў дзякуючы праекту, — рэактывы і інструкцыя па выяўленні ў вадзе нітратаў, фасфатаў, арганічных забруджванняў, праверцы кіслотнасці.

«Гэта хімічная міні-лабараторыя, — кажа настаўнік біялогіі і хіміі Лапацінскай сярэдняй школы Лілія Майсеянчык, якая курыруе водных інспектараў. — Дзеці вельмі зацікавіліся вывучэннем стану ракі. Мы ведаем, што можам звяртацца ў інспекцыю аховы прыроды, калі выявім сур'ёзныя адхіленні ад нормы. Нам, на шчасце, не даводзілася гэтага рабіць».

Дзеці з настаўніцай хадзілі на праверку стану ракі пару дзён таму, і вада мела трохі павышаную кіслотнасць, а павінна быць нейтральнай. Дзевяцікласніца Лапацінскай школы Аня Місюціна пры нас зноў праверыла ваду на кіслотнасць і паказала вынік:

«Добры колер — афарбоўка вады ў светла-зялёны колер у выніку хімічнай рэакцыі з выкарыстаннем рэагента. Цяпер вада менавіта такая. Значыць, яна нейтральная, і ўсё добра. Тое, што кіслотнасць была павышанай падчас нашай мінулай пробы, азначае, што хтосьці нешта зліў у раку. А магчыма нешта трапіла ў раку з грунтавых водаў».

У выніку праверкі водных інспектараў вада Стыры апынулася без прымешак нітратаў, фасфатаў і арганічных забруджванняў.

«Задача — знайсці крыніцы забруджвання акіяна»

Рака Стыр, даўжыня якой складае 494 км, працякае праз Львоўскую, Валынскую і Роўненскую вобласці Украіны, пасля чаго на працягу 70 км цячэ па тэрыторыі Брэсцкай вобласці Беларусі і ўпадае ў Прыпяць.

Трэба сказаць, што уверсе па плыні Стыры знаходзіцца Ровенская АЭС, якая выкарыстоўвае ваду з гэтай ракі для ахалоджвання рэактараў. Частка вады вяртаецца назад у раку. Паводле дадзеных аналізаў украінскіх лабараторый па 25 паказчыках, вада адпавядае нарматывам. Вада Стыры выкарыстоўваецца для піцця ў многіх украінскіх гарадах, у тым ліку ў Луцку, Кузняцоўску і Рожышчы.

Лілія Майсеянчык адзначае, што іх праца па маніторынгу Стыры з'яўляецца часткай вялікай працы па праверцы стану малых рэк, якія сілкуюць вялікія і так трапляюць у моры, а потым у акіян: «Задача — знайсці крыніцы забруджвання мора». Праект “Трансмежныя водныя інспектары” створаны менавіта для гэтага».

Самае небяспечнае, што могуць знайсці водныя інспектары ў рацэ гэта фасфаты, кажа Лілія Майсеянчык:

«Фасфаты могуць з'яўляцца ў выніку скіду ў раку мыйных рэчываў, якімі карыстаюцца як на прадпрыемствах, так і ў побыце. Мы масава карыстаемся пральнымі парашкамі, мыйнымі сродкамі для посуду. Вытворцу танней вырабіць мыйны сродак з фасфатамі, аднак яны цалкам не выдаляюцца з паверхні посуду.

Напрыклад, мы праводзілі такі эксперымент. Посуд вымывалі з вадкім сродкам і апалосквалі. Затым яшчэ раз апалосквалі і праводзілі аналіз змыву вады. У ёй знаходзілі фасфаты, якія пры назапашванні ў арганізме могуць выклікаць шэраг захворванняў. Фасфаты небяспечныя яшчэ тым, што іх уплыў не праяўляецца адразу, але мае назапашвальны эфект».

У праекце ўдзельнічалі 200 дзяцей і настаўнікі. У жніўні мінулага года беларускія і ўкраінскія дзеці і настаўнікі збіраліся ў лагеры, жылі ў намётах і вучыліся рабіць сваё жыццё больш экалагічным. А цягам навучальнага года беларускія школьнікі некалькі разоў ездзілі ва Украіну, а ўкраінскія дзеці прыязджалі ў Беларусь.

«Фармальна праект скончаны, але праца працягваецца — распавяла Лілія Майсеянчык. — Дзеці да гэтага часу камунікуюць між сабой. Думаю, і нашы, і ўкраінскія дзеці-удзельнікі праекта сталі больш экалагічна свядомымі. Мы не толькі аналізуем стан вады ў Стыры. Мы прыбіраем тэрыторыю вакол ракі і ў вёсцы. Дзеці цяпер нават калі бутэльку ўбачаць пластмасавую, рэагуюць. Яны ведаюць, што пластык распадаецца каля ста гадоў. Самі смецце не кінуць, у школе смецце сартуецца».

Беларускіх школьнікаў навучылі правільна дбаць пра чысціню рэк

У рамках праекта вучні Лапацінскай школы таксама праводзілі аналіз вады з рэк Ясельда, Піна і Прыпяць, якія працякаюць у іх рэгіёне. Рэкі апынуліся чыстымі. Між тым у Стыры была праблема — вясной і ў пачатку лета здарылася сур'ёзнае падтапленне.

«Вада выйшла з берагоў на зялёную масу, у рацэ зменшылася ўтрыманне кіслароду, што дрэнна для рыбы і мікраарганізмаў», — распавяла настаўніца. Такога тут летам не памятаюць.

І хоць Лілія Майсеянчык жартуе, што вада ў Стыры, мяркуючы па аналізах, «такая чыстая, хоць пі», у вёсцы выкарыстоўваюць ваду з падземных крыніц.

У рамках праекта дзеці правяралі ваду і ў калодзежах Лапаціна. І ў некаторых знаходзілі нітраты, якія аказваюць таксічнае ўздзеянне на арганізм, выклікаюць кіслароднае галаданне тканін. Праўда, гэта былі калодзежы, якімі мясцовыя жыхары ўжо не карыстаюцца.

Каля 300 чалавек у прыгарадзе Пінска атрымалі добрую ваду

Яшчэ ў рамках праекта «Трансмежныя водныя інспектары» ў 19 дамах (некаторыя з іх шматкватэрныя) вёскі Заполле пад Пінскам з'явілася добрая вада.

У сакавіку гэтага года ў Заполлі на вуліцы Паркавай, дзе жыве каля 300 чалавек, запрацавала новая водаправодная сетка даўжынёй 619 метраў.

Вады жыхарам вуліцы Паркавай трэба шмат  —амаль ва ўсіх ёсць агароды, і летам расход значны.

У Святланы з мужам прыстойная гаспадарка — агарод, вялікая цяпліца, трусы. Вадой са старога водаправода яны не карысталіся  — «вада была жоўтая і смярдзючая, ні піць, ні праць немагчыма».

«Мы прабілі свідравіну, і ў нас свая добрая вада. Праўда, калі прападала электрычнасць, з свідравіны вада не паступала. Так што мы, калі даведаліся, што праклалі новы водаправод, узрадаваліся і правялі сабе ваду. Нібы чыстая».

На смак гэтая вада можа і не спадабацца, таму што ў ёй шмат жалеза, адзначыў Старшыня Аснежанскага выканаўчага камітэта, да якога адносіцца Заполле, Валерый Кірылка.

«Водаправод тут быў, але сетка была тупіковая, і вада застойвалася. Цяпер водаправод закальцаваны. Вада, якую людзі атрымалі, значна лепш ранейшай, але пакуль не такая, як хацелася б — занадта шмат жалеза, хоць у норму яго ўтрымання і ўпісваецца», — распавёў Кірылка.

Наступны этап праекта «Трансмежныя водныя інспектары»  — мадэрнізацыя станцыі абезжалезвання, якую мяркуецца завяршыць да канца 2019 года. І вось тады вада будзе не проста адпавядаць нормам, але яшчэ і стане смачнай.

Алена СПАСЮК

Article published in Russian by Naviny.by

Young cross-border water inspectors