Беларусі патрэбныя тэхнары! Як зацікавіць у гэтых прафесіях моладзь

31-01-2020

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт пры падтрымцы Еўрасаюза ўдзельнічае ў міжнародным праекце па прыцягненню моладзі ў дакладныя навукі.

Недахоп інжынераў і ў цэлым спецыялістаў з тэхнічнай адукацыяй характэрная для многіх краін, у тым ліку і для Беларусі. Каб прыцягнуць моладзь у дакладныя навукі, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт сумесна з калегамі з сямі заходнееўрапейскіх арганізацый (чатыры з іх — ВНУ) удзельнічае ў міжнародным праекце «Інавацыйныя шляхі павышэння прывабнасці адукацыі ў галіне навукі, тэхналогіі, інжэнерыі і матэматыкі (НТІМ) і кар'еры даследчыка для моладзі».

Дакладным навукам перашкаджаюць гендарныя стэрэатыпы

У выніку супрацоўніцтва васьмі арганізацый з пяці краін ужо працуе партал stimey.eu, які аб'ядноўвае адукацыйную платформу і сацыяльную сетку.

Платформа дае стымул усім, хто хоча звязаць сябе з тэхнічнымі навукамі, пайсці ў гэтую сферу, кажа старшы выкладчык кафедры тэхналогіі і методыкі выкладання Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана Астапчук, якая займаецца ў праекце педагагічным і псіхалагічным складнікам.

Платформа распрацоўвалася з улікам гендарнага балансу, каб у дакладных навук не было мужчынскага твару.

«Мы не робім адрозненні, вызначаючы тэрыторыю для дзяўчынак і для хлопчыкаў, мы працуем для дзяцей ва ўзросце 10-18 гадоў у пяці краінах праекта — Беларусі, Германіі, Грэцыі, Іспаніі і Фінляндыі. Да праекту далучыліся і настаўнікі сярэдніх школ. У Беларусі ўдзельнічае восем школ з шасці рэгіёнаў. Мы лічым, што кожнаму чалавеку важна атрымаць магчымасць развівацца ў той вобласці, у якой лепш за ўсё можна праявіць здольнасці», — адзначыла Святлана Астапчук.

Спецыяліст катэгарычна не згодная з распаўсюджаным меркаваннем, што дакладныя навукі — доля мужчын: «Навукова даказана, што няма прынцыповай розніцы ў валоданні матэматычнымі здольнасцямі паміж мужчынамі і жанчынамі».

Пры гэтым Астапчук звяртае ўвагу, што некаторыя гендарныя стэрэатыпы ў нас транслююцца па змаўчанні:

«Пад маім кіраўніцтвам праходзіла даследаванне школьных падручнікаў з першага па чацвёрты клас. Мы ўбачылі ў іх гендарныя стэрэатыпы: калі намаляваная дзяўчынка, то яна ў ружовым і займаецца хатнімі справамі. Мама ці бабуля пякуць пірагі, а мужчына звычайна працуе».

Гэтыя навязаныя гендарныя ролі, адзначыла старшы выкладчык ПДУ, «не дазваляюць частцы дзяўчынак рэалізоўвацца ў дакладных навуках, а тым, хто свядома выбраў дакладныя навукі даводзіцца марнаваць шмат сіл, даказваючы сваё права быць тут, нягледзячы на тое, што яны маюць здольнасці».

У якасці прыкладу тут можна прывесці яшчэ адну ўдзельніцу праекта, распрацоўшчыцу навучальных гульняў Таццяну Глухаву — старшага выкладчыка кафедры вылічальных сістэм і сетак Полацкага дзяржуніверсітэта.

У 2003 годзе Таццяна скончыла ПДУ па спецыяльнасці «вылічальныя сістэмы і сеткі». Акрамя ўніверсітэта, працуе яшчэ і ў IT-сферы. Пра Сябе кажа, што яна тыповы тэхнар і заўсёды ведала, што будзе вывучаць дакладныя навукі.

Таццяна Глухава адзначыла, што да гэтага часу сутыкаецца з неабходнасцю даказваць, што жанчына можа быць паспяховай у сферы дакладных навук:

«Я не раз чула, напрыклад, што жанчына не можа быць добрым праграмістам. І даводзіцца даказваць, што я знаходжуся на сваім месцы не таму, што мяне хтосьці на яго паставіў, а таму, што я магу зрабіць нешта вартае».

Міжнародны праект, у якім удзельнічаюць полацкія навукоўцы, дае школьнікам — дзяўчынкам і хлопчыкам — «магчымасць паказаць, што яны могуць быць паспяховымі ў дакладных навуках, калі яны з'яўляюцца для іх цікавымі», кажа Святлана Астапчук.

«Настаўнікі часта заахвочваюць хлопчыкаў у вывучэнні матэматыкі, але не дзяўчынак. Паводле дадзеных нашага даследавання, 80% хлопчыкаў, адказваючы на пытанне, як іх ацэньвае настаўнік па матэматыцы, адказалі, што высока. І толькі зусім невялікі працэнт дзяўчынак адказалі гэтак жа. Дзяўчынкі ў самым пачатку свайго адукацыйнага шляху пастаўленыя ў сітуацыю, калі іх цікавасць да дакладных навук не падтрымліваецца», — адзначыла Астапчук.

Яна падкрэсліла, што матэматычныя здольнасці ў рознай ступені прысутнічаюць у большасці дзяцей, але часта бацькі абмяжоўваюць іх магчымасці, паспешліва вызначаючы, «што ў дзяцей гуманітарны або матэматычны склад розуму»:

«Так не можа быць, калі гаворка ідзе пра дзесяцігадовых дзяцей. Па ўсіх псіхалагічных параметрах мозг дзіцяці, лагічнае мысленне знаходзяцца ў стадыі інтэнсіўнага развіцця. Гэта праблема, калі мы самі абмяжоўваем дзяцей у частцы развіцця іх здольнасцей».

Чаму фізікі ніяк не дагоняць лірыкаў

Святлана Астапчук лічыць што «калі б больш маладых людзей цікавіліся дакладнымі навукамі, Беларусь бы здзейсніла тэхнічны прарыў»:

«Мы краіна, якая не валодае вялікім рэзервам карысных выкапняў, мы залежым ад знешніх энерганосьбітаў. Геніі цяпер вучацца ў школе, іх патэнцыял неабходна выкарыстоўваць».

Таццяна Глухава дадала: «Цяпер шмат кажуць, што мы будуем IT-краіну, тым не менш, існуе моцны дэфіцыт кадраў у гэтай сферы. Калі б школа давала больш моцную падрыхтоўку па матэматыцы і фізіцы, было б больш школьнікаў, якія былі б гатовыя першапачаткова пайсці на тэхнічныя спецыяльнасці».

Начальнік аддзела міжнародных сувязей Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Пешкун, які кіруе беларускай часткай праекта, кажа, што такія тэндэнцыі назіраюцца ва ўсёй Еўропе:

«Кантынент занадта маленькі для таго, каб тэндэнцыі ў сферы адукацыі прыкметна адрозніваліся. Ва ўсіх краінах-удзельніцах праекта — Беларусі, Германіі, Грэцыі, Іспаніі і Фінляндыі — шукаюць спосаб вырашэння праблемы падзення попыту моладзі да вывучэння дакладных дысцыплін».

IT-галіна з'яўляецца высокааплатнай, але існуе праблема нізкай аплаты працы, напрыклад, інжынераў, хімікаў, якія працуюць у іншых сферах, адзначыў Сяргей Пяшкун:

«У адной і той жа кампаніі гэтыя спецыялісты зарабляюць на парадак менш менеджараў. Вучыцца і на менеджара, і на інжынера неабходна тры-чатыры гады, аднак інжынерная адукацыя больш складаная. Гэтыя акалічнасці ствараюць на рынку працы неспрыяльную сітуацыю для такіх спецыялістаў».

Акрамя таго, адзначыў Сяргей Пяшкун, ёсць і другі бок медаля — узровень падрыхтоўкі ў школе па матэматыцы і фізіцы значна ніжэйшы за неабходнага для навучання ва ўніверсітэце:

«Шмат у чым гэта звязана з тым, як выкладаецца матэматыка і фізіка і па якіх падручніках. Для дзяцей пішуць падручнікі людзі, якія часта не маюць практыкі працы ў сярэдняй школе або не да канца разумеюць асаблівасці развіцця ў дзіцячым узросце з улікам сучасных тэндэнцый. У выніку метадычная база ў школе вельмі слабая».

With the EU's support, Polack State University is taking part in an international project to attract young people to the exact sciences.

З года ў год вынікі цэнтралізаванага тэсціравання паказваюць, што дакладныя навукі даюцца беларусам з цяжкасцю.

Святлана Астапчук адзначае, што гэтая праблема носіць комплексны характар:

«Па-першае, нашы дзеці вельмі рана робяць выбар кірунку, па якім будуць вучыцца. У 12 - 13 гадоў з'яўляюцца перадпрофільныя напрамкі. Нават калі ў школе гэтага няма, бацькі пачынаюць задумвацца аб выбары і, наймаючы рэпетытара па нейкім прадмеце, адводзячы ў нейкі цэнтр развіцця, падштурхоўваюць дзіця да пэўнага кірунку. І калі дзіця па нейкай прычыне ў пэўны момант мае складанасці ў матэматыцы, хутка робіць выбар у бок гуманітарных навук. А потым дагнаць тую ж матэматыку ўжо аказваецца немагчымым.

Па-другое, культурная традыцыя ў Беларусі такая: кожны павінен кудысьці паступіць пасля школы, мы не даем дзецям часу падумаць, чаго яны хочуць у жыцці. І часта выбар робіцца па прынцыпе, куды хапае набраных на ЦТ балаў.

Па-трэцяе, варта задумацца, як складзена праграма па фізіцы і матэматыцы, калі гэтыя прадметы ўяўляюцца для многіх занадта складанымі. Ёсць праблема складана напісаных падручнікаў і высокага тэмпу вывучэння тэм. Калі б у школе настаўнікі маглі мець варыятыўнасць падручнікаў і праграм —прапаноўвалі б розную фізіку розным дзецям, тады б сітуацыя была б крыху іншай».

Чым можна зацікавіць вучня вывучаць матэматыку і фізіку

Партал stimey.eu, створаны ў рамках праекта, не толькі аб'ядноўвае адукацыйную платформу і сацыяльную сетку. Праз партал каардынуецца праца сацыяльных робатаў — калі казаць вельмі спрошчана, то гэта свайго роду цацка, якая развівае.

Галоўнай ідэяй ўсяго праекта было матываваць дзяцей да вывучэння дакладных навук праз навучальныя гульні і паказаць, што вучыцца можна весела, што хімія — гэта не сумна, а матэматыка і фізіка — не такія складаныя, як здаюцца.

Аўтар: Алена СПАСЮК

Article published in Russian by Naviny.by