Ашмяны і Бяроза: як навучыцца жыць лепш за кошт энергаэфектыўнасці

30-05-2019

Ужо не першы год Еўрапейскі Саюз дапамагае невялікім беларускім гарадам, каб яны змаглі рэалізаваць свае амбітныя праекты ў сферы энергаэфектыўнасці. У рамках новага раўнда праграмы “Пагадненне мэраў – Дэманстрацыйныя праекты” Ашмяны атрымаюць дзіцячы садок новага пакалення, а ў Бярозе ўсталююць сучаснае святлодыёднае асвятленне.

Не толькі эканомія энергіі, але і змяншэнне выкідаў газу

Ашмяны знаходзяцца за 130 кіламетраў ад Мінска. Ашмянскі раён быў адным з першых у краіне, хто далучыўся да ініцыятывы ЕС -- “Пагаднення мэраў” у 2012 годзе. Ужо праз два гады раённымі ўладамі быў падрыхтаваны дакумент па ўстойлівым энергетычным развіцці, у якім былі намечаныя асноўныя шляхі, па якіх Ашмянскі раён будзе ісці для зніжэння спажывання энергарэсурсаў і выкідаў парніковага газу ў атмасферу.

У 2017 годзе Ашмяны і Бяроза перамаглі ў конкурсе Еўрасаюза “Пагадненне мэраў – Дэманстратыўныя праекты”. Заяўкі падавалі больш за сто прэтэндэнтаў.

Дзіцячы садок №3 у Ашмянах чакае капітальны рамонт і адаптацыя пад энергаэфектыўныя стандарты. “Пры любым капітальным рамонце, не важна, гэта муніцыпальны будынак ці прыватны, ёсць звычайны набор мерапрыемстваў: уцяпленне сцен, замена вокнаў, рамонт дахаў. У гэтым жа праекце разынкай будзе рэалізацыя праектаў, якія пакуль не вельмі папулярныя ў краіне. На даху садка з’явяцца сонечныя панэлі для падагрэву вады і часткова для на ацяпленне памяшканняў. Будуць цеплавыя насосы. Па выніках аўдыту было рэкамендавана ўкараніць сучасную тэхніку на харчблоку. Самі разумееце, пліты чыгунныя, савецкія”, -- расказвае Сяргей Нікіцін, які адказвае за рэалізацыю гэта праекта.

Дзеці просяць бацькоў выключаць святло

У фае дзіцячага садка нас сустракаюць дзеткі, які рэпетуюць тэатральнае выступленне для іншых наведнікаў садка і іх бацькоў на тэму энергаэфектыўнасці. На кімсьці з іх прымацаваныя выявы лямпачак, на кімсьці – таршэраў, на камсьці – камп’ютараў.

“Я – камп’ютар. Пачалі працаваць. Вы пра нас дазнаецеся. І нас зберагаеце”, -- спяваюць хлопчыкі. Меры энергаэфектыўнасці закладваюць у дзяцей з самага малога ўзросту. У садку цяпер 200 дзяцей.

У садку ёсць і свая ініцыятыўная група “Эканомка”, якая ходзіць у школы, банкі, цэнтр інвалідаў, бібліятэку, каб паказаць сваё шоу і прымусіць людзей задумацца аб энергаэфектыўнасці. А яшчэ ў рамках “Гадзіны зямлі” выходзілі на вуліцы горада, каб раздаць тэматычныя ўлёткі. Адказвае за гэта выхавальніца Вольга Кулінковіч.

Алена Клышэўская – мама адной з выхаванак дзіцячага садка. Кажа: “Напрыклад, калі дзесьці лішні раз не выключыла святло, то дачка абавязкова нагадае пра гэта і зробіць заўвагу”, -- расказвае спадарыня Клышэўская.

Эканомія напалову

Уласна да рамонтна-мантажных работ плануюць пераходзіць у верасні гэтага года. Праект мае быць скончаны ў 2021 годзе.

У выніку, калі ўсё атрымаецца, як разлічваюць людзі, што рэалізоўваюць праект, то будзе дасягнутая эканомія прыкладна ў 50--60%. Дакладная лічба залежыць шмат ад якіх фактаў. Але ўсе ўпэўненыя: зменшыць спажыванне напалову абсалютна рэальна. У Беларусі ўстановы адукацыі дзяржаўныя, таму такая эканомія зменшыць нагрузку і на мясцовы бюджэт, што таксама відавочны плюс.

Гэта ўжо не першы падобны праект у Ашмянах. Тры гады таму ў рамках праекта “Энергаэфектыўнасць у школах” нешта падобнае было рэалізавана ў дзіцячым садку №6.

Сапраўды, цяпер для педагогаў дзіцячых садкоў абвешчаны конкурс на найлепшую метадычку па працы з дзецьмі. Пераможца конкурсу атрымае планшэт на Тыдні ўстойлівага развіцця, які будзе ў маі.

“Увесь дзіцячы садок бярэ актыўны ўдзел у такім праекце. Адна сям’я адсачыла, колькі ў іх сыходзіць энергіі дома. І пачала ўласны міні-праект па эканоміі, з вынікамі можна пазнаёміцца ў нас на стэндзе”, -- запрашае Вольга Кулінковіч.

Праект на ўвесь горад

У Бярозе Брэсцкай вобласці плануюць змяніць вулічнае асвятленне на святлодыёднае.

“Мы плануем, што грошай хопіць на ўвесь горад. Калі не хопіць, то крайнія вуліцы пойдуць на другую чаргу”, -- расказвае начальнік планава-эканамічнага аддзела Бярозаўскай ЖКГ Дзмітрый Слуцкі.

Новаўвядзенні не абмяжуюцца простай заменай свяцільнікаў на гарадскіх вуліцах. Разам з заменай будуць укараняцца новыя тэхналогіі аўтаматызацыі і сістэмы кантролю. Кіраваць сістэмай асвятлення можна будзе з мабільнага дадатку. Для кожнай вуліцы будуць пісацца свае праграмы па выкарыстанні энергіі.

“Гэта і эканомна, і зручна, і бяспечна”, -- кажа спадар Слуцкі. Гэта дазволіць мясцовай ЖКГ дасягнуць эканоміі ў памеры 98 тысяч еўра (234 тысячы рублёў) на год, а таксама зменшыць колькасць выкідаў СО2 на 901 тону.

Ужо да канца года некалькі вуліц абновяць сваю сістэму асвятлення. Цяпер у начны час у многіх месцах гарыць толькі адзін ліхтар з трох. З новай жа сістэмай будзе адбывацца дыміраванне, калі ў пэўны час сутак асвятленне працуе не на 100%, а на 70% ці 30%. Пры гэтым не будзе так званых “сляпых зонаў”.

Чаго чакаюць гараджане?

Дзякуючы новай сістэме асвятлення зменшыцца не толькі колькасць аварый, але павысіцца бяспека патрульна-паставой службы.

“Мне прыемна бачыць, як развіваецца горад. Будуецца нешта новае, прыгожае, экалагічна бяспечнае”, -- кажа іншы супрацоўнік ЖКГ Бярозы Павел Ігнацюк.

Гараджане пазітыўна ўспрымаюць змены, які ўжо ў самы найбліжэйшы час чакаюць іх горад.

«Напэўна, прыгожа будзе. Для дзяцей і ўнукаў будзе добра. У мяне адзін сын у Салігорску, а двое тут жывуць. Усё для іх”, -- кажа пенсіянерка Валянціна Бык.

“Будзе больш эканомна для горада. Новыя тэхналогіі – гэта заўсёды добра. Яны ж будуць больш даўгавечныя. Мы падтрымліваем”, -- адказвае Сярге Карповіч.

“Павінна стаць лепей. Гэта новая тэхналогія. Я збіраюся далей жыць у Бярозе, таму для мяне гэта плюс. Ідзеш вечарам з дзіцём, то часам не бачна нічога, дзіцяці страшна. Калі на машыне едзеш, то таксама можаш не ўбачыць, ці пераходзіць пешаход дарогу ці не”, -- расказвае Ксенія Харчук, якая гуляе па цэнтральнай плошчы разам з дачкой Алісай.

Любы горад, які далучыўся, ці плануе далучыцца да ініцыятывы ЕС “Пагадненне мэраў”, можа ўдзельнічаць у падобных праектах Еўрапейскага саюза. Накіраваны яны не проста на павелічэнне энергаэфектыўнасці канкрэтных будынкаў і аб’ектаў, але паляпшэння якасці жыцця людзей у цэлым.

Аўтар: Зміцер Панкавец

"Наша Нiва"

 

EU4Energy: Energy-efficient kindergarten in Ašmiany, Belarus

 

EU4Energy: Modern, energy-efficient street lighting in Biaroza, Belarus