Усё, што трэба ведаць пра вакцынацыю ў часы COVID-19
1. У чым карысць вакцынацыі?

Сёння існуюць вакцыны, якія абараняюць як мінімум ад 20 хваробаў, такіх як дыфтэрыя, слупняк, грып і адзёр. Гэтыя вакцыны штогод ратуюць ад смерці да 3 млн чалавек, то бок у сярэднім пяць жыццяў за хвіліну. Дзякуючы ім дзеці растуць больш здаровымі і больш людзей шчасна дажываюць да старасці.

Vaccination COVID19

Прышчэпкі – гэта неад'емная частка сістэмы аховы здароўя. За апошнія сто гадоў яны значна павялічылі працягласць і якасць нашага жыцця. Большасць з нас яшчэ ў дзяцінстве былі прышчэпленыя ад шэрагу хваробаў, якія ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў таму забівалі і калечылі тысячы людзей. Людзі сталага веку і людзі са слабым здароўем штогод прышчапляюцца ад новых штамаў грыпу. Добра вядома, што вакцынаваныя дзеці менш прапускаюць школу, а таму іх бацькі менш адрываюцца ад працы. Вакцыны важныя таксама і для глабальнага эканамічнага росту.

На сёння існуе некалькі прышчэпак супраць COVID-19, і ўжо сотні мільёнаў людзей былі імі вакцынаваныя. Гэтыя вакцыны фармуюць імунны адказ на вірус, абараняюць як ад самой хваробы, так і ад магчымых ускладненняў. Прышчэпка зможа абараніць вас ад развіцця цяжкай формы COVID-19.

Прышчапляючыся самі, вы таксама дапамагаеце абараняць людзей вакол вас. Вы з меншай верагоднасцю заразіце кагосьці іншага – напрыклад, вашых пажылых бацькоў або бабуляў і дзядуляў, у якіх рызыка цяжка захварэць на COVID-19 вышэйшая, або лекараў і медсясцёр, ад якіх залежыць наша здароўе.

Пакуль дакладна не вядома, у якой ступені вакцынацыя прадухіляе далейшую перадачу інфекцыі, таму важна не забываць і пра іншыя прафілактычныя захады – напрыклад, насіць маскі датуль, пакуль усе вакол вас таксама не будуць прышчэпленымі.

2. Ці ўсе прышчэпкі ад COVID-19 бяспечныя?

Усе вакцыны супраць COVID-19, дазволеныя ў ЕС, правяраюцца Еўрапейскім агенцтвам па лекавых сродках (EMA) і праходзяць строгі кантроль бяспекі. СААЗ у супрацоўніцтве з ЕС і іншымі партнёрамі з усяго свету працуе над тым, каб дазволеныя вакцыны адпавядалі самым высокім стандартам бяспекі.

На дадзены момант EMA ўхваліла чатыры вакцыны для выкарыстання ў Еўрапейскім Саюзе – вытворчасці кампаній Pfizer-BioNTech, AstraZeneca, Moderna і Johnson & Johnson. Тры іншыя на сённяшні дзень знаходзяцца на разглядзе, у тым ліку расійская «Спадарожнік V».

Як і ўсе іншыя вакцыны, прышчэпкі супраць COVID-19 прайшлі пільную, шматэтапную праверку, у тым ліку маштабныя выпрабаванні, у якіх задзейнічалі дзясяткі тысяч чалавек. Гэтыя выпрабаванні праводзяцца, каб выявіць агульныя пабочныя эфекты або іншыя праблемы, звязаныя з бяспечным ужываннем вакцынаў.

Сапраўды, вакцыны супраць COVID-19 распрацавалі і ўхвалілі ў рэкордна кароткія тэрміны, але не за кошт кампрамісу ў пытаннях бяспекі. Наадварот, беспрэцэдэнтнае міжнароднае супрацоўніцтва і велізарныя аб'ёмы фінансавання дазволілі правесці маштабныя клінічныя выпрабаванні ў рэальных умовах. Звычайна яны патрабуюць значна большага часу, калі гэта магчыма наогул.

Але і пасля ўкаранення вакцынаў супраць COVID-19 СААЗ працягвае супрацоўнічаць з іх вытворцамі, прадстаўнікамі сферы аховы здароўя ў кожнай краіне ды іншымі адказнымі асобамі. Такім чынам ідзе ўвесьчасны маніторынг любых праблемаў, звязаных з бяспекай прышчэпак.

Пасля прышчэпкі ад COVID-19, як і пасля любога леку, могуць узнікнуць пабочныя эфекты. Звычайна гэта прыкмета таго, што вакцына працуе: яна стымулюе імунную сістэму, падрыхтоўваючы арганізм да барацьбы з хваробай. Аднак такія пабочныя эфекты цягнуцца нядоўга (24–48 гадзін), а сур'ёзныя пабочныя эфекты (напрыклад, алергічная рэакцыя) надзвычай рэдкія. Праўду кажучы, захварэць на COVID-19 – і магчыма, цяжка — нашмат больш рызыкоўна, чым зрабіць прышчэпку.

Даведацца пра тое, якія вакцыны праходзяць праверку, атрымліваюць дазвол ці ўжо дазволеныя, вы можаце на сайце Еўрапейскага агенцтва па лекавых сродках. Актуальную інфармацыю пра бяспеку вакцынаў таксама можна знайсці на сайце СААЗ.

3. Як ЕС і СААЗ дапамагаюць з вакцынацыяй?

Летась Еўрапейскі Саюз уклаў больш за 1 млрд еўра ў даследаванні ў сферы вакцынаў – распрацоўку прышчэпак і новых метадаў лячэння COVID-19. Менавіта ў ЕС была створаная новая тэхналогія мРНК, якая мела вырашальнае значэнне для хуткай распрацоўкі некалькіх прышчэпак. У прыватнасці, ЕС выдзеліў буйныя сродкі на стварэнне вакцыны Pfizer-BioNTech. За апошняе дзесяцігоддзе BioNTech атрымала ад ЕС на даследаванні больш за 9 млн еўра, а ў 2020 годзе – пазыку ў 100 млн еўра ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.

У межах пагадненняў пра папярэднія закупкі ЕС замовіў 1,3 млрд доз вакцыны ў кампаній BioNTech/Pfizer, Moderna, AstraZeneca і Johnson & Johnson. Гэта значна больш, чым неабходна для вакцынацыі насельніцтва ЕС, а менавіта 447 млн чалавек. ЕС мае намер падзяліцца часткай гэтых вакцынаў са сваімі краінамі-партнёрамі і ў той жа час паскорыць ход вакцынацыі ўнутры ЕС.

Еўрапейскі Саюз у спісе найбуйнейшых спонсараў механізму глабальнага супрацоўніцтва COVAX, мэта якога – паскорыць распрацоўку і вытворчасць вакцынаў, а таксама забяспечыць роўны доступ да прышчэпак супраць COVID-19. COVAX быў падтрыманы іншай ініцыятывай ЕС, Team Europe («Каманда Еўропы»), якая аб'ядноўвае рэсурсы Еўрапейскага Саюза, яго краін-удзельніц і еўрапейскіх фінансавых інстытутаў. Team Europe на карысць СOVAX было выдаткавана больш за 2,2 млрд еўра, у тым ліку 1 млрд еўра з бюджэту ЕС. Гэты ключавы ўнёсак дапаможа ўжо да канца 2021 года накіраваць у 92 краіны з нізкім і сярэднім узроўнем даходу, у тым ліку краіны Усходняга партнёрства, 1,3 млрд доз вакцынаў.

Але самі вакцыны – гэта толькі палова справы. Не менш важнае і тое, як арганізаваная вакцынацыя. З лютага 2021 года ЕС і СААЗ супольна дапамагаюць размеркаваць прышчэпкі супраць COVID-19 і наладзіць вакцынацыю ў краінах Усходняга партнёрства. На гэтую маштабную сумесную ініцыятыву ЕС і СААЗ выдзелена 40 млн еўра.

У межах гэтай праграмы ЕС і СААЗ дапамагаюць падрыхтаваць сістэмы аховы здароўя краін Усходняга партнёрства да атрымання і эфектыўнага размеркавання вакцынаў. ЕС і СААЗ інфармуюць людзей пра рызыкі і карысць вакцынаў, дапамагаюць скласці план вакцынацыі, арганізаваць ланцужок паставак прышчэпак, сабраць звесткі пра ход кампаніі і пра бяспечнае ўжыванне вакцынаў, навучаюць работнікаў сферы аховы здароўя і медыкаў, якія ўдзельнічаюць у вакцынацыі, абыходжанню з вакцынамі, а таксама аказваюць ключавую лагістычную падтрымку ў дастаўцы вакцынаў.

4. Ці надоўга вакцына абараняе ад COVID-19? Калі ўсе гэта скончыцца?

Паколькі вакцыны супраць COVID-19 распрацоўваліся і ўкараняліся толькі на працягу апошняга года, пакуль немагчыма дакладна сказаць, як доўга яны абараняюць. Дадзеныя даследаванняў на раннім этапе паказваюць, што імунітэт захоўваецца некалькі месяцаў. Але поўная працягласць яшчэ не вядомая, спатрэбяцца далейшыя даследаванні.

Калі імунітэт супраць каранавіруса апынецца недаўгавечным, верагодна, спатрэбіцца штогадовая вакцынацыя, як і ў выпадку з грыпам.

Як вакцынацыя паўплывае на ход пандэміі, будзе залежаць ад некалькіх фактараў: хуткасці дастаўкі прышчэпак, колькасці прышчэпленых людзей і магчымага з'яўлення новых штамаў захворвання.

Калі прышчапіць значную частку насельніцтва, можна бяспечна сфармаваць калектыўны імунітэт супраць COVID-19. Гэта знізіць распаўсюджванне віруса сярод усяго насельніцтва. Колькі людзей у краіне павінна перахварэць на каранавірус або прышчапіцца ад яго, каб дасягнуць калектыўнага імунітэту, – пакуль невядома. Гэты працэнт вагаецца ў залежнасці ад кожнага захворвання: напрыклад, 95% для адру і каля 80% для поліяміэліту.

Таксама яшчэ не вядома, у якой ступені вакцынацыя прадухіляе перадачу віруса іншым людзям, якія могуць быць неабароненыя.

Таму датуль, пакуль вакцынацыя не ахопіць шырокія пласты насельніцтва, неабходна па-ранейшаму выконваць захады перасцярогі – трымаць сацыяльную дыстанцыю, насіць маскі ў грамадскіх месцах і мыць рукі. Усе гэтыя захады вельмі важныя: яны разрываюць ланцужок перадачы віруса.

5. Многія з маіх сяброў і сваякоў вераць у розныя тэорыі змовы і з падазрэннем ставяцца да вакцыны. Як я магу іх пераканаць?

Усе мы ведаем хаця б аднаго чалавека, які настроены катэгарычна супраць вакцынацыі. Гэта можа быць сябар, любімы чалавек, калега або сусед. Часта такі страх выкліканы верай у антывакцынавыя тэорыі змовы, напрыклад, у хлуслівыя міфы пра тое, што Microsoft з дапамогай прышчэпак хоча чыпаваць чалавецтва, або што вакцыны могуць змяніць ДНК чалавека.

На жаль, крызіс, выкліканы эпідэміяй COVID-19, стварыў добрую глебу для распаўсюджвання дэзынфармацыі не толькі ў краінах Усходняга партнёрства, але і ва ўсім свеце, у тым ліку ў Еўрапейскім Саюзе і ЗША.

Непраўдзівая інфармацыя і тэорыі змовы незалежна ад таго, ці распаўсюджваюцца яны наўмысна, каб напалохаць людзей, або абсалютна шчыра – ад знаёмага да знаёмага, выкарыстоўваюць нашы страхі і змушаюць мацней сумнявацца ў неабходнасці прышчапіцца.

Людзі атрымліваюць недакладную інфармацыю са СМІ, падчас асабістых зносінаў або з сацсетак. Але ўсё часцей інфадэмію падсілкоўваюць менавіта сацыяльныя сеткі. Прасоўваючы папулярныя допісы, алгарытмы сацыяльных сетак фактычна дапамагаюць хлуслівай інфармацыі хутчэй распаўсюджвацца і ахопліваць больш карыстальнікаў.

Адна з асноўных тэмаў дэзынфармацыі, якая распаўсюджваецца ў краінах Усходняга партнёрства, гэта небяспека вакцынаў, распрацаваных на Захадзе.

Праект EUvsDisinfo, галоўны інструмент ЕС па барацьбе з дэзынфармацыяй, рэгулярна адсочвае і аналізуе распаўсюджванне дэзынфармацыі пра прышчэпкі і яе ўплыў на грамадскую думку. EUvsDisinfo развейвае міфы, якія падсілкоўваюць так званую вайну вакцынаў паміж Расіяй і Захадам.

Каманда EUvsDisinfo склала рэкамендацыі, як камунікаваць з тымі, хто скептычна ставіцца да вакцынаў і распаўсюджвае пра іх непраўдзівую інфармацыю. Дапаможнік раіць захоўваць спакой, праяўляць разуменне, знаходзіць агульную мову, звяртацца да надзейных крыніцаў інфармацыі і мысліць крытычна.

6. Акрамя вакцынацыі якія яшчэ ініцыятывы дапамагаюць змагацца з крызісам COVID-19?

Еўрапейскі Саюз актыўна змагаецца з COVID-19 з самага пачатку пандэміі. Ужо выдзелена больш за 1 млрд еўра на неадкладную дапамогу, падтрымку нацыянальных сістэм аховы здароўя і сацыяльна-эканамічнае аднаўленне краін Усходняга партнёрства.

ЕС сумесна з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя ў межах ініцыятывы «Салідарнасць у імя здароўя» не толькі дае вакцыны, але і падтрымлівае сферу аховы здароўя праз пастаўкі медыцынскага абсталявання і сродкаў індывідуальнай абароны. Ужо было дастаўлена больш за 11 млн адзінак сродкаў індывідуальнай абароны, 12 тысяч лабараторных камплектаў, больш за 1500 апаратаў ШВЛ, канцэнтратараў кіслароду і пульсаксіметраў, а таксама больш за 20 тысяч тэстаў ПЛР.

На падтрымку найбольш уразлівых групаў насельніцтва ЕС выдзеліў больш за 11 млн еўра. Гранты да 60 тыс. еўра даюцца арганізацыям грамадзянскай супольнасці ў рамках Праграмы салідарнасці Усходняга партнёрства падчас COVID-19. Гэтыя сродкі ідуць на арганізацыю дыстанцыйнага навучання ў мясцовых школах, дапамогу жанчынам, якія страцілі працу, або дастаўку прадуктаў харчавання людзям сталага ўзросту і інвалідам. Другая праграма – «COVID-19: устойлівасць і развіццё грамадзянскай супольнасці» – падтрымлівае грамадзянскую супольнасць у аказанні неабходнай дапамогі найбольш уразлівым пластам насельніцтва, а СМІ дапамагае змагацца з дэзынфармацыяй пра пандэмію.

У гэты выключна цяжкі час ЕС таксама дапамагае малому бізнесу. Еўрапейскі Саюз у цесным супрацоўніцтве з фінансавымі ўстановамі ў краінах ЕС і ва ўсім свеце робіць больш даступнымі крэдыты ў мясцовай валюце для малога бізнесу і індывідуальных прадпрымальнікаў, дапамагае ім падаць заяўкі на гранты для развіцця бізнесу падчас і пасля крызісу. Гэтая падтрымка ажыццяўляецца праз ініцыятыву EU4Business. Зайдзіце на сайт EU4Business, каб даведацца, як ЕС падтрымлівае прадпрыемствы ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдове і ва Украіне падчас пандэміі COVID-19.

Еўрапейскія фінансавыя інстытуты, такія як Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, згулялі ключавую ролю ў падтрымцы бізнесу ў выглядзе крэдытаў. Гэтыя банкі таксама інвеставалі ў падтрымку сістэм аховы здароўя, павышэнне эканамічнай устойлівасці, лічбавізацыю і зялёныя тэхналогіі. Гэтыя сродкі пайшлі на экстранную падтрымку краін Усходняга партнёрства і на доўгатэрміновыя праекты, якія забяспечаць устойлівае аднаўленне пасля пандэміі.