Ты таксама зможаш! Як ЕС падтрымлівае жаночае прадпрымальніцтва ў Беларусі
1. Я хачу пачаць свой бізнес, але не ўпэўненая, што мая ідэя спрацуе. Хто можа мне даць параду?

Еўрапейскі саюз актыўна дапамагае развівацца новым кампаніям, асабліва, калі яны належаць жанчынам. Шматлікія праграмы разлічаны на жанчын з рэгіёнаў, якія не мелі папярэдняга досведу вядзення бізнесу.

Women

Вось некалькі прыкладаў даступнай падтрымкі:

Праграма Mayors for Economic Growth разам з мясцовымі ўладамі развівае эканоміку рэгіёнаў і стварае працоўныя месцы. У Беларусі ў гэтай праграме ўдзельнічаюць дзясяткі мясцовых адміністрацый. У трох з іх ужо запушчаныя пілотныя праекты, якія прапануюць навучанне і дапамогу ў развіцці бізнесу.

Праекты рэалізуюцца ў Глыбоцкім раёне, Слаўгарадзе і ў Брагінскім раёне.

У 2019 годзе запушчаны праект Падтрымкі эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь. Ён працуе ў 12 пілотных раёнах: Браслаў і Орша (Віцебская вобласць), Хоцімск і Быхаў (Магілёўская вобласць), Жлобін, Хойнікі і Брагін (Гомельская вобласць), Бяроза і Кобрын (Брэсцкая вобласць), Ліда (Гродзенская вобласць), Маладзечна і Барысаў (Мінская вобласць). Мэта праграмы – дапамагчы малому бізнесу, стварыць інкубатары і распрацаваць сістэму мікрафінансавання.

Праект Ландшафтна-арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельда з удзелам мясцовага насельніцтва створыць восем цэнтраў развіцця, дзе мясцовыя жыхары змогуць атрымаць дапамогу ў вядзенні бізнесу.

2. Парады, вядома, неабходныя, але каб пачаць сваю справу, патрэбныя грошы. Як я магу атрымаць фінансаванне, калі ў мяне няма ні ўласных сродкаў, ні патрэбнага вопыту?

Не існуе асобных грантаў для адкрыцця бізнесу. Аднак усе пералічаныя праекты прапануюць навучанне і кансультацыі, якія дапамогуць знайсці фінансаванне – напрыклад аформіць заяўку на грант. Праект Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь створыць уласны інструмент мікрафінансавання, каб па меншай меры 200 малых прадпрыемстваў змаглі атрымаць сродкі. У той жа час праект EY4Youth Employability and Stability прадастаўляе фінансаванне самых цікавых бізнес-ідэй, пасля ўдзелу ў трэнінгу для маладых прадпрымальнікаў. Напрыклад, Вольга Каляга і Мілана Леановіч атрымалі гранты на рэалізацыю праектаў, якія яны распрацавалі прама на курсах.

3. У мяне ўжо ёсць бізнес, але мне патрэбна дапамога, каб яго развіваць. На якую падтрымку ЕС я магу разлічваць?

EU4Business можа дапамагчы з фінансаваннем і навучаннем. Яны падтрымліваюць развіццё прыватнага сектара ва ўсёй Беларусі.

Звярніце ўвагу на праграму ЕБРР Women in Business. Яна дае крэдыты, праводзіць трэнінгі і кансультуе кампаніі, якімі кіруюць жанчыны. Мясцовыя партнёры праграмы IdeaBank, BNB Bank і Belinvest Bank прадастаўляюць фінансаванне па гэтай праграме і ствараюць спецыялізаваныя банкаўскія паслугі. Можна скарыстацца персанальным анлайн-інструментам Business Lens. Ён дапаможа ацаніць, на якую падтрымку вы можаце разлічваць.

Фінансаванне ЕС таксама можна атрымаць ад European Fund for South East Europe праз мясцовых партнёраў BNB Bank і Belgazprombank (сярэдні памер крэдыту 22 тысячы еўра). Гэты фонд выдае крэдыты кампаніям, у штаце якіх менш за 10 супрацоўнікаў.

Праграма Advice for Small Businesses таксама прапануе бясплатныя кансультацыі па стратэгіі развіцця, маркетынгу, вытворчасці, кіраванні якасцю, энергаэфектыўнасці і фінансавым менеджмеце. На сайце ЕБРР (EBRD) можна даведацца, як як падаць заяўку.

Калі ваша кампанія працуе ў тэкстыльнай або швейнай прамысловасці, то праект Ready to Trade дапаможа вам парадай або падкажа, як выйсці на рынак.

4. Хтосьці ўжо пачаў свой бізнес з дапамогай з ЕС?

Вядома, ужо многія.

Кацярыне Глушэц новы Цэнтр пашырэння і падтрымкі прадпрымальніцтва і інавацый дапамог ператварыць яе ідэю ў бізнес-план. Гэты Цэнтр быў створаны ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці ў рамках ініцыятывы «Мэры за эканамічны рост» (Mayors for Economic Growth).

Людміла Чабатар, Тамара Цвярдоўская і Галіна Ермакова ў Слаўгарадскім раёне развіваюць свае невялікія турыстычныя кампаніі з рознай спецыялізацыяй –традыцыйная кухня, выраб сыру і пчалярства. Яны атрымалі дапамогу ЕС у рамках праекта рэгіянальнага развіцця, які падтрымлівае мясцовыя ініцыятывы і культурную спадчыну.

Святлана Серыкава і яе муж Андрэй пачыналі з малога – у 2009 годзе адкрылі фабрыку па пашыве ніжняй бялізны. Але пасля яны вырашылі развіваць бізнес. Яны скарысталіся кансультацыямі EU4Business па пытаннях брэндынгу і маркетынгу. У выніку яны пашырылі асартымент ад ніжняй бялізны да адзення, падвоілі экспарт і павялічылі абарот на 87%.

5. Я не ўпэўненая, што хачу адкрыць бізнес, але хацела б навучыцца чамусьці новаму. Што можа мне прапанаваць ЕС?

Праграма MOST аплачвае кароткатэрміновыя (ад 7-мі да 28-і дзён) паездкі ў краіны Еўрапейскага саюза для павышэння кваліфікацыі. Гэта могуць быць:

  • майстар-класы
  • канферэнцыі
  • фестывалі
  • стажыроўкі
  • гандлёвыя выставы
  • азнаямляльныя паездкі ў арганізацыі, кампаніі і навучальныя ўстановы

Тэмы праектаў самыя разнастайныя. Напрыклад, навука і тэхналогіі, бізнес, інавацыі і IT, культура, адукацыя, ахова здароўя, спорт і турызм. Няма ніякіх абмежаванняў з пункту гледжання вашай адукацыі, бягучага вопыту або сферы дзейнасці. Вам проста трэба быць старэйшай за 18 гадоў і мець беларускае грамадзянства. Заяўку можна падаць анлайн. Прыняць удзел можна індывідуальна, а таксама з невялікай групай. Калі ўзнікнуць пытанні, зайдзіце ў раздзел FAQ.

Праекты EU4Youth Aд працаўладкавання да стабільнасці (EY4Youth Employability and Stability) і Развіццё патэнцыялу для працаўладкавання таксама дапамагаюць палепшыць навыкі прадпрымальнікам да 35 гадоў.

Студэнтам ЕС дае выдатныя магчымасці моладзевых праграм Erasmus+. У моладзевых праектах і валанцёрскай дзейнасці ўжо ўдзельнічаюць звыш 3500 маладых беларусаў. Папрацаваўшы за мяжой у Еўрапейскім корпусе салідарнасці, яны здабылі новыя навыкі і досвед.

6. Да каго я магу звярнуцца па дапамогу?

Зайдзіце на вэб-сайт Mayors for Economic Growth і даведайцеся, ці ёсць ваш горад сярод удзельнікаў праекта і што робяць мясцовыя ўлады, каб побач з вамі з'яўлялася больш працоўных месцаў і развіваўся бізнес.

Праграму падтрымкі мясцовага эканамічнага развіцця рэалізуе офіс ПРААН у Беларусі – падпішыцеся на старонку праграмы ў Facebook.

Калі ў вас ужо ёсць свой бізнес і вы хочаце яго развіць, даведайцеся, якія магчымасці даступныя па лініі EU4Business in Belarus.

На вэб-сайце праграмы MOST вы знойдзеце кантакты, водгукі ўдзельнікаў і інфармацыю, як падаць заяўку.

Праекты EU4Youth рэалізуюць SOS Дзіцячыя вёскі ў Беларусі і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.

Сачыце за навінамі аб праектах ЕС на Facebook старонцы Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. Падрабязную інфармацыю аб праектах таксама можна знайсці на старонцы https://euprojects.by.